У Беларусі за гэтае лета патанулі 187 чалавек, з іх 20 дзяцей. Пра гэта паведаміў вядучы спецыяліст рэспубліканскага таварыства ратавання на вадзе Алег Баразна.

«Паводле аператыўных дадзеных, з 1 чэрвеня па 31 жніўня ў рэспубліцы патанулі 187 чалавек, з іх 20 непаўнагадовых. Непасрэдна пры купанні загінуў 101 чалавек, у тым ліку 10 непаўналетніх», — сказаў Алег Баразна.

Асноўнымі прычынамі гібелі людзей на вадзе, па словах вядучага спецыяліста, стала купанне ў нецвярозым стане, невыкананне правілаў паводзін на вадзе, рыбная лоўля з плавальных сродкаў без выратавальных камізэлек, плаванне на забароненых прадметах, а таксама пакіданне дзяцей без нагляду дарослых.

Усяго за летні перыяд спецыялісты таварыства выратавалі 261 чалавека, у тым ліку 85 непаўналетніх.

Ратавальнікі ў чарговы раз нагадваюць, што купацца ў стане алкагольнага ап'янення патэнцыйна небяспечна. Акрамя таго, з-за розніцы тэмпературы вады і паветра ў вадаём заходіць трэба паступова, каб пазбегнуць курчаў або сардэчнага прыступу (асабліва ў людзей, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні). Забаронена купацца ў непрыстасаваных для гэтага месцах, а таксама скакаць у ваду з дамбаў, прычалаў, тарзанак, iншых аб'ектаў, якія ўзвышаюцца над вадой, плаваць на надзіманых матрацах, аўтамабільных камерах і самаробных плытах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?