Расіі выгадна, каб у Беларусі былі нармальныя адносіны з заходнімі партнёрамі, заявіў журналістам 5 верасня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, каментуючы заявы, якія гучаць у міжнароднай прэсе, пра тое, што зацягнутыя перамовы з Расіяй аб пастаўках нафты і аб цане на газ з'яўляюцца адказам на нармалізацыю адносін Беларусі з Захадам.

«Пытанні нармалізацыі стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам, з іншымі заходнімі партнёрамі ўжо нагналі аскому. На гэтую тэму ўжо шмат разоў выказваўся кіраўнік беларускай дзяржавы, няма сэнсу паўтарацца. Мы не збіраемся разрываць сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, але адначасова сітуацыя такая, што для Беларусі жыццёва неабходна мець нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам, са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з іншымі ключавымі гульцамі ў розных рэгіёнах», — заявіў міністр.

Макей лічыць, што няма неабходнасці звязваць эканамічныя пытанні ва ўзаемаадносінах з Расіяй са знешнепалітычнымі. «Не думаю, што гэта лінія афіцыйнай Масквы. Мы абмяркоўвалі гэтую тэму з маім калегам Сяргеем Лаўровым. Ён дакладна, адназначна сказаў, што Расія зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі былі нармальныя адносіны з заходнімі краінамі. І, дарэчы, што непасрэдна да Расіі, то ў Расіі і многіх іншых нашых саюзнікаў на постсавецкай прасторы нашмат больш прасунутыя адносіны з ЕС і ЗША», — дадаў кіраўнік МЗС.

Міністр падкрэсліў, што на нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін — членаў ЕС і краін — удзельніц Усходняга партнёрства беларуская дэлегацыя была адзінай, якая ўзняла пытанне аб неабходнасці і выгаднасці развіцця ўзаемадзеяння паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам. «Мы заўсёды такую лінію прасоўвалі, і мы маем намер і надалей рабіць усё, каб гэтая ўзаемасувязь развівалася, мацнела. Больш за тое, я думаю, што і для Расіі, асабліва ў цяперашні перыяд наяўнасці нейкіх праблем у адносінах з Еўрапейскім саюзам, таксама выгадна, каб у Беларусі былі нармальныя адносіны з Еўропай, з ЗША, таму што ў межах недастатковага, скажам так, дыялогу з'яўляецца дадатковы канал для таго, каб мы нейкія рэчы даносілі да нашых еўрапейскіх партнёраў», — лічыць Макей.

Закранаючы тэму непасрэдна перамоў з РФ па газе і нафце, ён падкрэсліў, што гэта спрэчка паміж суб'ектамі гаспадарання. «Беларусь заўсёды выконвала і будзе выконваць тыя абавязацельствы, якія мы ўзялі на сябе ў межах нашага членства ў розных інтэграцыйных структурах. І мы ніколі не будзем рабіць нейкіх крокаў, якія б ішлі насуперак гэтым абавязацельствам», — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Нагадаем, газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй доўжыцца больш за паўгода. Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расія з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?