Акруговая выбарчая камісія Старавіленскай акругі № 105 вынесла 5 верасня папярэджанне кандыдату ў дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзіміру Падголу.

«Старшыня камісіі на пасяджэнні сказаў, што я правёў несанкцыянаваны пікет, — паведаміў Падгол. — У сваім адказе я сказаў, што ён не ведае закон, бо для правядзення пікетаў кандыдата ў дэпутаты не патрэбная санкцыя, яны праводзяцца згодна з паведамляльным прынцыпам».

Пры гэтым, адзначыў ён, у камісіі нават не было копіі заявы, якую Падгол занёс у Мінгарвыканкам і якой паведамляў аб правядзенні пікетаў. Як растлумачыў кандыдат, у паведамленні ён назваў у тым ліку і вуліцу Няміга, на якой 31 жніўня на пікеце адзначыў дзень нараджэння кіраўніка дзяржавы і яго малодшага сына, сумясціўшы са святкаваннем дня нараджэння сваіх катоў. Аднак у камісіі сцвярджалі, што ён павінен быў напісаць канкрэтны дом і час пікетавання.

Паводле слоў Падгола, яму было таксама інкрымінаванае распаўсюджванне без выхадных звестак цытатніка Лукашэнкі, які ён сам раздрукаваў яшчэ год таму, а таксама палос паперы з цытатамі кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, Падголу ставілі ў віну выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі — сцягоў ЗША і ЕС, а таксама бел-чырвона-белага сцяга. «Усе гэтыя сцягі ў іх класіфікацыі з'яўляюцца незарэгістраванай сімволікай, якой я не маю права карыстацца», — сказаў ён.

Гэта першае папярэджанне Падголу. У выпадку атрымання другога кандыдат у дэпутаты можа быць зняты з выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?