У школах па-новаму афармляюць сшыткі. Цяпер слова «Сшытак» на вокладцы трэба пісаць у пачатку радка, а не пасярэдзіне, як раней. Бацькі скардзяцца на фармалізм, які даходзіць да абсурду, а настаўнікі спасылаюцца на «метадычку» Мінадукацыі. Праўда, у самім міністэрстве сцвярджаюць, што ніякага новага правіла няма.

У рэдакцыю TUT.BY напісала мінчанка Ірына Каўцэвіч. Яе дачка вучыцца ў трэцім класе СШ №197. 30 жніўня на бацькоўскім сходзе настаўніца папярэдзіла, што з упраўлення адукацыі прыйшлі дакументы да новага навучальнага года. У іх гаворыцца, што слова «Сшытак» на вокладках трэба пісаць у пачатку радка. Настаўніца папрасіла не падпісваць сшыткі, пакуль школа не ўдакладніць, ці няма памылкі. Праз некалькі дзён яна паведаміла, што ўсё пацвердзілася, падпісваць сшыткі трэба па-новаму.

На новае правіла звярнула ўвагу і пісьменніца Яўгенія Пастэрнак, распавёўшы пра яго ў Facebook. У каментарах пасыпаліся пацверджанні, што настаўнікі ўжо «ўзялі пад казырок»: загадаюць пісаць «Сшытак» па левым краі радка, прымушаюць перапісаць, калі вучань па старой памяці вывеў слова ў сярэдзіне, і не прымаюць сшыткі з заводскім надпісам у цэнтры вокладкі.

Метадычныя рэкамендацыі з правіламі афармлення сшыткаў, экзаменацыйных работ і рэфератаў можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі. Аднак у іх чамусьці нічога пра напісанне слова «Сшытак» з пачатку радка не гаворыцца. У прыкладах афармлення вокладак гэтае слова размешчана там жа, дзе і раней, — у сярэдзіне першага радка.

Пры гэтым у той жа «метадычцы», размешчанай на сайтах школ, «Сшытак» напісана ўжо па-іншаму. Карэспандэнт наўздагад праверыў з дзясятак інтэрнэт-рэсурсаў розных школ краіны, і ўсюды ў прыкладах афармлення вокладак «Сшытак» - у пачатку радка. Як так атрымалася?

Прэс-сакратар Мінадукацыі Юлія Барадун патлумачыла, што пры загрузцы метадычных рэкамендацый на сайт ведамства ў дакуменце «зляцела» фарматаванне.

Словы, якія павінны былі быць у сярэдзіне радка, аўтаматычна выраўняліся па левым краі. Тэхнічную памылку неўзабаве выправілі, але, мабыць, школы чамусьці атрымалі няправільны варыянт «метадычкі» і пачалі выконваць «новае правіла».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?