Беларускія аператары сувязі цяпер будуць абавязаны пры падключэнні правяраць дадзеныя абанентаў у сістэме МУС. Пастанова аб гэтым апублікавана на сайце Pravo.by.
Tut.by
Згодна з дакументам, пры заключэнні дамовы аб аказанні паслуг электрасувязі пацверджанне неабходных звестак пра абанента павінна праходзіць з выкарыстаннем інфармацыі, якая змяшчаецца ў аўтаматызаванай сістэме «Пашпарт», уладальнікам якой з'яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
«Пацвярджэнне звестак пра абанента ажыццяўляецца ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы», гаворыцца ў пастанове.
Аператары будуць правяраць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры наяўнасці), ідэнтыфікацыйны нумар, серыю дакумента, а таксама яго нумар. З дапамогай базы аператары змогуць высветліць, ці сапраўдны дакумент, па якім спрабуе падключыцца абанент.
Праверку трэба праводзіць пры падключэнні грамадзян Беларусі, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якім ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку выдадзены ў Беларусі дакумент.
Пастанова закране ўсіх аператараў электрасувязі за выключэннем тых, якія аказваюць паслугі толькі па распаўсюдзе праграм тэлевізійнага вяшчання і (або) радыёвяшчання. Некаторыя аператары пачалі ўжываць гэтую сістэму яшчэ да з'яўлення пастановы.
Пастанова ўступае ў сілу з 18 верасня 2016 года. У гэты ж дзень у сілу ўступіць пастанова, паводле якога аператары і інтэрнэт-правайдэры будуць абавязаны выяўляць трафік IP-тэлефаніі і блакаваць яго пры выяўленні парушэнняў парадку пропуску.