Для расійскіх тэлеканалаў, што транслююцца ў Беларусі, неабходна ўвесці дадатковы падатак, каб такім чынам стымуляваць развіццё айчыннага тэлебачання, а таксама сваёй культуры і роднай мовы.

Такое меркаванне выказалі кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас першых тэледэбатаў, арганізаваных тэлеканалам «Белсат», сайтам Naviny.by і Еўрарадыё.

На думку патэнцыйных дэпутатаў, заробкі ў настаўнікаў павінны быць не меншыя, чым у міліцыянтаў і вайскоўцаў, а нацыянальная культура мусіць стаць прыярытэтнам у палітыцы дзяржавы.

Між тым, гэта адзінае, у чым сышліся прэтэндэнты на крэсла ў Авальнай зале. І хоць праўладныя кандыдаты дыскутаваць з апанентамі, на жаль, адмовіліся, тым не менш апазіцыянерам было, пра што паспрачацца. Выявілася, што нават унутры дэмакратычнага лагера няма агульнага погляду на развіццё краіны, суіснаванне беларускай і рускай моў, культуру і адукацыю.

Тым больш, што і кандыдаты ў першых дэбатах сабраліся абсалютна розных пакаленняў: ад маці экс-лідара «Маладога фронта» і былога палітвязня Паўла Севярынца Таццяны Севярынец, вядомай тэлевядучай і амаль кандыдата ў прэзідэнты Алены Анісім і Вольгі Дамаскінай з «Руху за Свабоду» да маладога Юрыя Стукалава і зусім яшчэ юнага Ягора Левачова з «Гавары праўду», які замест аспірантуры абраў палітыку.

Як трапна заўважыла Вольга Дамаскіна: «Хоць ні ў каго няма магчымасці стаць дэпутатам, затое важна, у якой краіне мы прачнёмся 12 верасня».Што б магло адбыцца з краінай пасля 12 верасня, калі б галасы лічылі сумленна, прагназуем разам з удзельнікамі дэбатаў і гасцямі студыі.

Гэта быў ужо другі выпуск дэбатаў. Падчас дэбютнай перадвыбарнай дыскусіі эксперты і прадстаўнікі палітычных сілаў краіны абмяркоўвалі, ці існуе ў Беларусі рэальны парламент і ці ёсць сэнс удзельнічаць у прадказальных выбарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?