Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што стратэгічнай мэтай краіны застаецца ўступленне ў НАТА.
Reuters
«Гэты паказальнік непахісны, як Палярная зорка на зорным небе. Усё, што мы ажыццяўляем ў абароннай галіне, мы робім, моцна трымаючы ў руках компас, стрэлка якога паказвае на Паўночную Атлантыку», — сказаў ён у штогадовым пасланні да Вярхоўнай рады аб унутраным і знешнім становішчы Украіны.
Парашэнка ізноў абвінаваціў Расію ў працягу ваеннай агрэсіі, паказаўшы, што ў гэтых умовах Украіне неабходна ўмацаваць нацыянальнае адзінства і нарошчваць вайсковы патэнцыял. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень Украіна заключыла больш за 40 міжнародных кантрактаў на пастаўку неабходных для арміі ўзбраенняў на агульную суму 1,5 млрд даляраў.
У той жа час, як заявіў Парашэнка, Украіна павінна абапірацца на ўласныя сілы. Паводле яго слоў, цяпер урад выдаткоўвае 3% дзяржаўнага бюджэту на ваенныя патрэбы.
«За два гады мы аднавілі войска. Яно не жыруе, але ўжо матываванае; без прысмакаў, але накормленае; не ад куцюр, але апранутае», — сказаў Парашэнка.
Сваёй галоўнай задачай украінскі прэзідэнт называе барацьбу за аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 1991 года.
«Фантазіі пра мір у абмен на тэрыторыі — ілюзорныя. Пры такім падыходзе не будзе ні міру, ні тэрыторый. Заява Пуціна, што пытанне Крыма закрытае, гэта толькі яго трызненне. Крым быў, ёсць і будзе украінскім!» — заявіў ён.