Сёлета баявой гатоўнасці дасягнулі шматмэтавыя знішчальнікі пятага пакалення F-35, якія, як чакаецца, будуць асновай баявой моцы авіяцыі ЗША ў бліжэйшыя 20-30 год.

Аднак ужо цяпер Паветраныя сілы ЗША спрабуюць прагназаваць тэхналогіі і тактыку, якія спатрэбяцца ў будучыні, а таксама пачалі думаць пра распрацоўку першапачатковых тактыка-тэхнічных патрабаванняў да баявой машыны наступнага пакалення, піша defensenews.com.

Праекты называюцца «Паветранае панаванне новага пакалення» (Next Generation Air Dominance, NGAD) і «Інвазіўная супрацьпаветраная абарона» (Penetrating Counter Air, PCA).

У 2013 годзе Boeing паказаў свой канцэпт знішчальніка шостага пакалення. Фота: wikimedia.org

У 2013 годзе Boeing паказаў свой канцэпт знішчальніка шостага пакалення. Фота: wikimedia.org

Аднак плануецца, што, у адрозненні ад дзесяцігоддзяў, якія спатрэбіліся для з'яўлення баяздольнага F-35, новы знішчальнік патрапіць у рукі вайскоўцаў хутчэй.

«Нам трэба мець нешта да канца 2020-х. Я думаю, што рэалістычна разлічваць прыкладна на 2028 год пры наяўнасці значных інвестыцый у ключавыя тэхналогіі», - распавёў брыгадны генерал Алексус Грынкевіч, які ўдзельнічаў у стварэнні афіцыйнага даклада «Панаванне ў паветры — 2030».

Яшчэ адным адрозненнем будзе тое, што цяпер авіяцыя ЗША будзе распрацоўваць не проста асобны самалёт, але машыну, інтэграваную у адзіную сістэму разам з касмічнымі, кібер- і радыёэлектроннымі ваеннымі комплексамі.

Таксама вайскоўцы думаюць, як зрабіць больш хуткім працэс ацэнкі і набыцця новай тэхнікі. Пры выкарыстанні сучасных працэдур прагназавалася, што авіяцыя ЗША атрымае новы знішчальнік не раней за 2040 год. Аднак з новымі схемамі паралельнага праектавання і замоў Грынкевіч спадзяецца выкаціць новую машыну на дзесяць год раней.

Цяпер толькі ЗША маюць на ўзбраенні баявую авіяцыю пятага пакалення - знішчальнікі F-22 і F-35. Кітай і Расія працягваюць свае распрацоўкі ў гэтай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?