Сёлетні форум з 3-га па 5-га верасьня вітала сталіца Канады Атава. Багатая праграма 32-й сустрэчы з тэмай «Дыяспара: нацыянальная сьвядомасьць і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і культуры» прапанавала ўдзельнікам шэраг імпрэзаў уключна з так званай «акадэміяй», паэтычнымі чытаньнямі, выставай карцін, мастацкіх вырабаў і сувеніраў, наведваньнем гістарычных месцаў, воднай прагулкай па рацэ Атава.

Форум прыцягнуў больш за сто ўдзельнікаў з розных куткоў паўночна-амерыканскага кантыненту. Сустрэчу віталі прысутныя прадстаўнікі атаўскай гарадзкой рады і шэрагу няўрадавых арганізацый і суполак з ЗША і Канады, зь якімі беларусы цесна супрацоўнічаюць. Вітаньні даслалі прэм’ер правінцыі Антарыа сп. Катлін Уін і міністр фэдэральнага ўраду Канады сп. Мелані Джолі. У сваім вітаньні сп. Джолі, у прыватнасьці, адзначыла, што «штодвухгадовыя сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі даюць магчымасьць сьвяткаваць дасягненьні беларускай спадчыны, паказаць беларускую культуру і выявіць дасягненьні тых грамадзян нашых краінаў, што маюць беларускае паходжаньне».

Цягам двух дзён ішоў абмен думкамі па шэрагу пытаньняў сёньняшняга стану і разьвіцьця асяродкаў беларусаў у ЗША і Канадзе. Дыскусіі закранулі і надзённыя клопаты арнанізацый, і шматлікія зьмены і тэндэнцыі разьвіцьця сёньняшняга сьвету, што маюць ўплыў на жыцьцё і дзейнасьць беларускіх асяродкаў. Прынятая рэзалюцыя адзначыла незаменную ролю роднай мовы ў захаваньні і разьвіцьці нацыянальнай самасьвядомасьці і культуры нашых суродзічаў, што жывуць за мяжой. Рэзалюцыя прапанавала шэраг канкрэтных мераў для ўмацаваньня і разьвіцьця беларускіх асяродкаў, што дзеюць у Паўночнай Амерыцы. 

Багатая культурная праграма прадставіла шмат мясцовых талентаў, а канцэрт беларускага барда Віктара Шалкевіч стаў несумненна падзеяй, што запомніцца ўдзельнікам сустрэчы ў Канадзе на доўгія гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?