Беларусы ў жніўні прадалі рэкордны ў гэтым годзе аб'ём валюты наяўнымі: 670,4 млн даляраў, што на 16% больш за ліпень. Цікавасць да набыцця валюты таксама вырасла — на 19,6% у параўнанні з мінулым месяцам да 351,1 млн даляраў наяўнымі. Гэта не перашкодзіла перабіць ліпеньскі рэкорд па аб'ёме чыстага продажу наяўнай валюты - 319,3 млн даляраў.
З пачатку года беларусы прадалі на чыстай аснове ўжо 1,5 млрд даляраў у эквіваленце.
У студзені—жніўні беларусы купілі 3,868 млрд даляраў замежнай валюты (з улікам безнаяўнай), прадаўшы 4,037 млрд.
Суб'екты гаспадарання — рэзідэнты Беларусі за восем месяцаў купілі замежнай валюты на 10,497 млрд даляраў, прадалі — на 10,438 млрд.
Пакуль тэндэнцыі, агучаныя Нацбанкам, цалкам пацвярджаюцца: у насельніцтва пры зніжэнні ўзроўню даходаў захоўваецца звычка да спажывання, якая падае менш, чым даходы, гэта значыць трацяцца зберажэнні.
Як распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын, жаданне патраціць зберажэнні звязана менавіта з патрэбай захаваць узровень спажывання, а не з недаверам банкаўскай сістэме.
У прыватнасці, насельніцтва здае ў месяц прыкладна 200 млн даляраў (у ліпені—жніўні нават больш), а з дэпазітаў здымае толькі каля 100 млн.
«Гэта значыць яшчэ 100 млн даляраў насельніцтва дастае з-пад матрацаў, як у нас кажуць», — сказаў прадстаўнік Нацбанка. Ён паскардзіўся, што ў адрозненне ад грамадзян прадпрыемствы не з'яўляюцца стабільнымі прадаўцамі валюты.