ЦВК супраць законаў матэматыкі: як выглядаюць неймаверныя лічбы несапраўдных бюлетэняў КАРТА
Чарговыя парламенцкія выбары маюць адбыцца 11 верасня. Інтрыгі ў іх небагата — досвед папярэдніх кампаній сведчыць пра тое, што ў Палату прадстаўнікоў трапляюць толькі «патрэбныя» кандыдаты. Датэрміновае галасаванне набірае хаду, і ў экспертаў няма ілюзій, што выбарчыя камісіі назавуць нечаканыя лічбы.
Аднак у любым разе публікацыя афіцыйных дадзеных дазваляе убачыць падтасоўку дадзеных. На якіх матэматычных законах памыляюцца Ярмошына і кампанія?
Сапсаваныя бюлетэні
Калі на бюлетэні выбаршчык ставіць дзве і больш птушачкі насупраць імёнаў кандыдатаў альбо не ставіць птушачкі зусім, псуе бюлетэнь ці замест яго кідае ў скрыню іншы ліст паперы, такі бюлетэнь лічыцца несапраўдным. Выбарчыя камісіі вядуць асобны ўлік такіх бюлетэняў.
Паводле закона, выбарчыя камісіі пасля заканчэння падліку бюлетэняў павінны вывешваць падрабязныя пратаколы, у тым ліку і па несапраўдных бюлетэнях. На практыцы гэта патрабаванне часцяком парушаецца. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) таксама не публікуе падрабязныя дадзеныя па кожным з участкаў, хоць тэхнічна зрабіць гэта не складана.
Замест гэтага, на сайце ЦВК публікуюцца толькі сумарныя дадзеныя па кожным з раёнаў краіны, раёнах Мінска, абласных гарадах і гарадах абласнога падпарадкавання накшталт Пінска або Наваполацка. Нягледзячы на прадстаўленасць інфармацыі толькі па раёнах у цэлым, уважлівы аналіз паказвае, што нават такія дадзеныя супярэчаць матэматычным законам.
Логіка вельмі простая: колькасць несапраўдных бюлетэняў па кожным з раёнаў не павінна моцна скакаць ад выбараў да выбараў, таму што межы раёнаў не мяняюцца і колькасць выбаршчыкаў змяняецца нязначна. Аднак па дадзеных ЦВК, у краіне некалькі дзясяткаў раёнаў, па якіх розніца паміж колькасцю несапраўдных бюлетэняў на прэзідэнцкіх выбарах 2010 і 2015 гадоў склала нават не 40% і не 90%, а 200%, 500%, часам 2000% і больш!
Напрыклад, ва ўсім Навагрудскім раёне ў 2015 годзе ў выбарчых урнах выявілі 21 несапраўдны бюлетэнь. А ў 2010 годзе такіх бюлетэняў у раёне налічылі 250, гэта значыць у 12 разоў больш.
Іншы прыклад: выбаршчыкі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці на выбарах 2015 года нібыта ўкінулі ўсяго 50 несапраўдных бюлетэняў, а ў 2010 годзе гэтая лічба па раёне была 1355. Па незразумелай прычыне лічбы адрозніваюцца ажно ў 27 разоў!
Розніца ў колькасці несапраўдных бюлетэняў па выніках выбараў 2010 і 2015 гадоў:

Але і гэта яшчэ не ўсё. Паводле афіцыйных дадзеных выбараў— 2015, у Пружанскім раёне і на ўвесь горад Наваполацк несапраўдных бюлетэняў наогул няма! Растлумачыць гэта з пункту гледжання тэорыі імавернасці немагчыма. Як больш чым 36 тысяч выбаршчыкаў Пружаншчыны і 67 тысяч новапалачан, што паўдзельнічалі ў выбарах, прымудрыліся не сапсаваць ніводнага бюлетэня — розумам гэтага не спасцігнуць.
Можа быць, жыхары Пружаншчыны і горада Наваполацка заўсёды адрозніваліся асаблівай уважлівасцю? Ды не ж: па дадзеных выбараў 2010 года, несапраўдных бюлетэняў у гэтых рэгіёнах было 270 і 445 адпаведна.
Яшчэ больш абуральны факт: у першапачатковых дадзеных, якія пасля выбараў апублікаваў ЦВК, такіх «нулявых» раёнаў з поўнай адсутнасцю несапраўдных бюлетэняў было яшчэ больш. Такім быў нават адзін з раёнаў Мінска — Савецкі, у якім прагаласавала больш за 80 тысяч чалавек. Калі на гэты неймаверны факт звярнулі ўвагу блогеры, работнікі ЦВК заявілі, што адбылася памылка ў падліках і праз дзень дадзеныя памянялі. Але неймаверная нулявая статыстыка па Пружаншчыне, Мядзельшчыне і горадзе Наваполацку так і засталася.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Мабыць, самы неймаверны той факт, што па краіне рэзка выдзяляюцца дадзеныя па адной вобласці. Ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці розніца ў колькасці несапраўдных бюлетэняў на выбарах 2010 і 2015 гадоў мінімальная, у той час як па раёнах усіх іншых абласцей лічбы празмерна скачуць.
У большасці раёнаў Магілёўскай вобласці розніца паміж колькасцю несапраўдных бюлетэняў на двух мінулых прэзідэнцкіх выбарах складае ўсяго 5—10%, радзей 20—30%. Яна не перавышае 40% па ўсіх раёнах, акрамя Кіраўскага і Клімавіцкага.
Што яшчэ больш цікава: гэтыя два раёны стаяць адзін за адным у алфавітным парадку ў табліцах ЦВК. І калі лічбы па Кіраўскім раёне ў 2010 і 2015 былі 110 і 161 бюлетэнь, то па Клімавіцкім з дакладнасцю наадварот — 161 і 110. Выглядае так, быццам іх, ці то ў спешцы, ці то з намерам, проста памянялі месцамі.
Скрыншот дакументаў ЦВК з вынікамі выбараў 2010 (злева) і 2015 (справа) гадоў па раёнах Магілёўскай вобласці:

Уявім сабе такую аналогію. Ёсць група з 120 людзей. Вы іх дзеліце на шэсць умоўных груп (колькасць абласцей) па 19—24 чалавекі (колькасць раёнаў у абласцях). Сёння вечарам вы просіце кожнага з 120 чалавек з'есці столькі ягад клубніц, колькі яму ці ёй хочацца. Праз тыдзень вы зноў даяце ўсім такую магчымасць. І высвятляецца, што на другі дзень у адной групе ўсе без выключэння людзі з'елі прыкладна такую ж колькасць ягад, як і днём раней. А ў пяці іншых групах многія чамусьці павялічылі або паменшылі свой рацыён у 2, 4, 10, а то і ў 30 разоў, а хтосьці і ўвогуле адмовіўся.
Такім чынам, афіцыйныя дадзеныя даюць нам неймаверную карціну размеркавання несапраўдных бюлетэняў па раёнах краіны. І гэта відавочна адразу па некалькіх прычынах:
1. Па некалькіх раёнах з дзясяткамі тысяч жыхароў колькасць несапраўдных бюлетэняў на выбарах-2015 нібыта склала 0 (нуль), а менавіта Пружанскі раён, Мядзельскі раён, горад Наваполацк. У першапачатковых дадзеных ЦВК нулі значыліся яшчэ па некалькіх раёнах краіны, але былі перапраўленыя пасля таго, як у інтэрнэце пачалі абмяркоўваць такую неверагодную статыстыку.
2. Па 20 раёнах краіны лік несапраўдных бюлетэняў на выбарах 2015 і 2010 гадоў змяняўся больш, чым у пяць разоў. У некаторых з іх — больш чым у 20 разоў. Гэтаму няма лагічных імавернасных тлумачэнняў. Як і таму факту, чаму амаль 70 тысяч выбаршчыкаў Наваполацка не псуюць ніводнага бюлетэня, тады як прыкладна такая ж колькасць тых, хто прагаласаваў па суседнім Полацкім раёне, выдае каля паўтысячы несапраўдных бюлетэняў.
3. Па ўсіх без выключэння раёнах Магілёўскай вобласці розніца ў лічбах несапраўдных бюлетэняў па двух выбарах невялікая, а ў іншых галінах па многіх раёнах лічбы скачуць, нібы шалёныя. Падобна, што толькі Магілёўская абласная выбарчая камісія старанна адштурхоўваецца ад лічбаў несапраўдных бюлетэняў на папярэдніх выбарах, каб стварыць больш рэалістычныя дадзеныя. Па нейкіх прычынах групы людзей, адказныя за іншыя вобласці, прытрымліваліся іншай тактыкі і часта ўпісвалі лічбы несапраўдных бюлетэняў па рэшткавым прынцыпе. Гэта прывяло да частых велізарных скачкоў у лічбах, а таксама да выпадкаў, калі па некаторых раёнах атрымаліся «нулявыя» дадзеныя, без несапраўдных бюлетэняў.
Каментары