Суд у Растове-на-Доне вынес прысуд 4 крымскім мусульманам 7 і 5 гадоў. Пра гэта паведамляе Крым. Рэаліі.

Згодна з рашэннем суда, севастопалец Руслан Зейтулаеў, якога расейскія ўлады называюць арганізатарам ячэйкі «Хізб ут-Тахрыр», асуджаны да сямі гадоў калоніі агульнага рэжыму, Ферат Сайфулаеў, Рустэм Ваітаў і Нуры Прымаў атрымалі па пяць гадоў папраўчай калоніі таксама агульнага рэжыму.

Прысуд быў абвешчаны за 15 хвілін.

На пасяджэнні 31 жніўня Руслан Зейтулаеў заклікаў суд прыняць справядлівае рашэнне. Ён падкрэсліў, што рашэнне ў дачыненні да ўсіх чатырох крымскіх мусульман было прынята да таго, як іх этапавалі ў Растоў.

Адвакат Эміль Курбедзінаў назваў абсурднымі версіі следства і паказаў на адсутнасць доказаў абвінавачвання крымчан.

Прэс-сакратар МЗС Украіны Мар'яна Беца назвала рашэнне суда цынічным. «Выказваем пратэст у сувязі з незаконнымі прысудамі. Патрабуем ад РФ спыніць рэпрэсіі супраць крымскіх татараў», — напісала яна.

Суд над Русланам Зейтулаевым, Рустэмам Ваітавым, Нуры Прымавым і Фератам Сайфулаевым пачаўся ў чэрвені. Іх арыштавалі зімой 2015 года ў Севастопалі і абвінавачваюць ва ўдзеле ў ісламскай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр».

Прадстаўнікі міжнароднай ісламскай палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр» называюць сваёй місіяй аб'яднанне ўсіх мусульманскіх краін ў ісламскім халіфаце, але яны адпрэчваюць тэрарыстычныя метады дасягнення гэтага і кажуць, што адчуваюць несправядлівы пераслед у Расіі. Вярхоўны суд Расіі забараніў «Хізб ут-Тахрыр» у 2003 годзе, уключыўшы ў спіс аб'яднанняў, названых «тэрарыстычнымі».

Акрамя Расеі гэтая арганізацыя як тэрарыстычная забароненая ва Узвекістане, Казахстане, Кітаі і іншых азіяцкіх і афрыканскіх краінах. У Нямеччыне дзейнасць «Хізб ут-Тахрыр» абмежаваная з-за абвінавачванняў у антысемітызме. Ва Украіне і ў большасці краін Захаду яна можа дзейнічаць легальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0