Былы генеральны дырэктар баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» Канстанцін Шаравера прысуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый на працягу пяці гадоў. Клубу ён павінен выплаціць больш за 358 тыс. дэнамінаваных рублёў. Такі прысуд абвясціў 7 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Аляксандр Петраш.

Дата абвяшчэння прысуду пераносілася двойчы. Першапачаткова абвяшчэнне планавалася на 31 жніўня, затым яго перанеслі на 5 верасня, пазней — на 7 верасня.

Канстанцін Шаравера знаходзіцца пад вартай з 14 красавіка 2014 года. Былому спартыўным функцыянеру інкрымінуюць крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы. Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 210, чч. 2 і 3 арт. 424 і ч. 2 арт. 210 КК. Згодна з ч. 3 арт. 424 КК суд Шараверу апраўдаў з-за адсутнасці складу злачынства.

У прыватнасці Шараверу ставяць у віну крадзеж грашовых сродкаў клуба, залішне налічаных работнікам і спартсменам, на аснове розніцы ў памеры ўзнагароджанняў у прыватна абумоўленых гендырэктарам і афіцыйна аформленых кантрактах. Сумы маглі адрознівацца шматкроць. Шкода ад гэтай дзейнасці ацэньваецца больш як у 6,2 млрд рублёў.

Шараверу таксама абвінавачваюць у арганізацыі вываду з абароту клуба сродкаў, што выдзяляліся на кампенсацыю харчавання спартсменам падчас вучэбна-трэніровачных збораў.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Шаравера браў грошы, якія прызначаліся супрацоўнікам. Афіцыйная і рэальная зарплата істотна адрозніваліся. Як толькі работнік атрымліваў банкаўскую картку, абвінавачаны забіраў яе разам з пін-кодам. У банкамаце ён здымаў грошы і перадаваў падначаленаму толькі частку налічанай сумы, пра якую яны дамаўляліся раней ў вуснай форме. Акрамя таго, гульцы і трэнеры падпісвалі канфідэнцыйную дамову да дагавора, аднак суму кантракта Шаравера дапісваў пазней, калі подпіс супрацоўніка ўжо стаяў у дакуменце.

Частку заробку перадавалі з рук у рукі ў бухгалтэрыі. У гэтым выпадку рэшту, як адзначана ў абвінавачанні, Шаравера забіраў і выкарыстоўваў паводле свайго меркавання. Гэта тычылася зарплаты як беларускіх гульцоў, так і легіянераў «Цмокаў». Таксама спісваліся сродкі, якія прызначаліся на кампенсацыю харчавання на зборах і трэніроўках. У матэрыялах справы ёсць звесткі больш як пра 60 эпізодаў злачынных дзеянняў.

24 жніўня дзяржабвінаваўца Раман Бізюк папрасіў прыгаварыць Шараверу да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Шаравера сваёй віны не прызнаў. У судзе ён заявіў, што атрыманыя грошы не прысвойваў, а выкарыстаў на развіццё клуба. Парушэнні бухгалтарскага ўліку растлумачыў недасканаласцю беларускага заканадаўства, асабліва ў пытаннях супрацоўніцтва з легіянерамі.

«Тое, што абвінавачаны выкарыстаў грошы на патрэбы клуба, знайшло пацвярджэнне падчас судовага следства, — заявіў пракурор Бізюк. — Аднак не ў тым аб'ёме, гэта значыць значную частку ён усё ж такі прысвоіў. Да таго ж вышэйназваныя расходы не былі належным чынам аформленыя у бухгалтэрыі. За зрасходаваныя грошы Шаравера не даў справаздачу. Гэта значыць як такім крадзяжом гэта не з'яўляецца, але шкода клубу нанесеная».

Канстанцін Шаравера — вядомы савецкі баскетбаліст. У 1970—80-х гадах абараняў колеры мінскага клуба РТІ, які выступаў у вышэйшай лізе чэмпіянату СССР.

Судовы працэс над Шараверам пачаўся 14 снежня 2015 года. У лютым яго зрабілі закрытым. Гэта было выкліканае пачаткам даследавання дакументаў, якія ўяўляюць камерцыйную тайну.

Незадоўга да затрымання Шаравера адзначыў 60-годдзе. Згодна з матэрыяламі справы, банкет з нагоды юбілею праходзіў на базе клуба пад выглядам навучальнага семінара. Абвінавачанне звярнула ўвагу, што паколькі госці пілі алкаголь, гэта было забаўляльнае, а не адукацыйнае мерапрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?