Сярэдні ўзрост кіраўніцтва ўсіх партый, акрамя Партыі БНФ, перавышае 50 гадоў.

Справаздачныя зьезды найбуйнейшых апазыцыйных партыяў Беларусі (АГП і БНФ) у гэтым і мінулым годзе, а яшчэ раней — падзеі 2006 г. і стварэньне руху «За Свабоду», зноў паставілі ў цэнтар увагі пытаньне пра канфлікт пакаленьняў унутры беларускай апазыцыі. Канфлікт гэты, на думку некаторых аналітыкаў, выяўляецца ў імкненьні больш маладога пакаленьня ў складзе палітычных партыяў уплываць на партыйныя рашэньні і прадстаўляць свае інтарэсы ў кіраўнічых органах партыяў, што натыкаецца на супрацьстаяньне старэйшай, больш кансэрватыўнай, генэрацыі палітыкаў.

Для таго, каб даказаць існаваньне канфлікту пакаленьняў у беларускай апазыцыі, неабходна спачатку даведацца, ці ёсьць выразны разрыў паміж пакаленьнямі ў апазыцыі. У гэтых мэтах было праведзена невялікае дасьледаваньне ўзроставага складу найбольш буйных і ўплывовых апазыцыйных партыяў — Беларускага Народнага Фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў беларускай. Вось некаторыя вынікі гэтага дасьледаваньня.

Сярэдні ўзрост кіраўніцтва палітычных партыяў

Сярэдні ўзрост кіраўніцтва (старшыня, намесьнікі, кіраўнікі абласных структур):
ПБНФ — 40,7, АГП ‑‑ 50,3, ПКБ — 56,8

Сярэдні ўзрост сябраў кіраўнічага органу (Сойм, Палітрада, або ЦК):
ПБНФ — 44,7, АГП — 50,4, ПКБ ‑‑ 54

* * *

Дыяграма 1. Узроставыя групы ў Партыі БНФ


Дыяграма 2. Узроставыя групы ў АГП

Дыяграма 3. Узроставыя групы ў ПКБ

* * *

Як паказваюць пададзеныя зьвесткі, сярэдні ўзрост партыйнай эліты дастаткова салідны, і ён павялічваецца пры пераходзе ад правага краю палітычнага спэктра да левага (у гэтую схему добра ўпісваецца і партыя БСДП(Г), сярэдні ўзрост кіраўніцтва якой складае 53,3 гады). Апошняе можа сьведчыць як пра непапулярнасьць сярод моладзі левай ідэалёгіі, гэтак і пра большую ўнутрыпартыйную дэмакратыю правацэнтрысцкіх партыяў.

Ва ўсіх разгляданых партыях дастаткова нязначную праслойку складаюць сябры партыяў векам ад 35 да 45 год. Гэта можа быць сьведчаньнем адсутнасьці пераемнасьці ў партыйнай традыцыі праз вымываньне вельмі важнай узроставай катэгорыі, якая складаецца з найбольш самастойных, прафэсійных і мэтанакіраваных людзей, на піку сваіх творчых магчымасьцяў. З тых або іншых прычынаў партыйная моладзь, прайшоўшы «курс» сацыялізацыі ўнутры партыі і дасягнуўшы пэўных пасадаў, пакідае палітычную дзейнасьць для таго, каб рэалізавацца ў іншых сфэрах жыцьця. Такая сытуацыя назіраецца практычна ва ўсіх апазыцыйных палітычных партыях Беларусі.

Такім чынам, можна канстатаваць наяўнасьць разрыву пакаленьняў унутры беларускай апазыцыі. Асабліва гэты тэзіс справядлівы для Партыі камуністаў беларускай, дзе больш за 80% палітычнай эліты складаюць людзі старэйшыя за 45 год. Прычыны разрыву пакаленьняў могуць быць самыя розныя: адсутнасьць бачных пэрспэктываў прыходу да ўлады ў краіне, немагчымасьць рэалізаваць сябе ўнутры партыі (у тым ліку і дзеля канфлікту пакаленьняў), зьмена жыцьцёвых прыярытэтаў, боязь рэпрэсіяў, адсутнасьць эфэктыўнай моладзевай палітыкі на больш раньнім этапе разьвіцьця партыі, што, у сваю чаргу, прывяло да зьніжэньня колькасьці сяброў партыі сярэдняга веку і інш.

Разам з тым, разрыў пакаленьняў не заўжды павінен прыводзіць да канфлікту пакаленьняў. Хутчэй, да яго можа прывесьці такая канфігурацыя ўнутры партыі, калі старэйшае і маладзейшае пакаленьні маюць сувымерны колькасны склад і ўплыў унутры партыі і пры гэтым партыйная моладзь мае непрапарцыйнае прадстаўніцтва ў кіраўнічых органах палітычнай партыі. Канфлікт можа назірацца таксама пры наяўнасьці сур’ёзных супярэчнасьцяў у праграмах разьвіцьця партыі, прадстаўленых рознымі пакаленьнямі ўнутры партыі. У выпадку разгляданых партыяў мы такой канфігурацыі не назіраем.

Маладое пакаленьне прадстаўлена ў кіраўнічых органах апазыцыйных партыяў больш‑менш прапарцыйна (што, аднак, не дае поўнага ўяўленьня пра ступень яго ўплыву на прыняцьце ключавых рашэньняў — гэта прадмет для больш шырокага і дэталёвага дасьледаваньня), не існуе кардынальнага разыходжаньня ў бачаньні партыйнай стратэгіі і разьвіцьця краіны. Да таго ж, маладзейшае пакаленьне партыйнай эліты прайшло сацыялізацыю ўнутры ўласнае партыі, што не дае падставаў чакаць ад яго кардынальна інакшых спосабаў вядзеньня палітычнай барацьбы і рэалізацыі партыйных задачаў.

Тую незадаволенасьць партыйным кіраўніцтвам, якая была артыкуляваная, у прыватнасьці, пад час апошніх справаздачна‑выбарчых зьездаў Партыі БНФ і АГП, варта, хутчэй за ўсё, аднесьці не да праяваў канфлікту пакаленьняў унутры гэтых партыяў, а да барацьбы разнастайных унутрыпартыйных груповак і асоб пры агульнай незадаволенасьці партыйнымі лідэрамі, якія не зьмяняліся ўжо на працягу многіх гадоў.

Сапраўдны ж канфлікт пакаленьняў выявіўся пад час падзеяў вясны 2006 г., і ў прыватнасьці падчас «Плошчы», калі пад уплывам электаральнай мабілізацыі і жорсткіх дзеяньняў улады адносна мірных дэманстрантаў пачалі ўтварацца групы супраціву, якія вельмі жорстка дыстанцыявалі сябе ад традыцыйнай партыйнай апазыцыі, якая, на іх думку, адказная за шматлікія правалы і паразы і ня здольная да сапраўднага супраціву. Прадстаўнікі гэтай новай хвалі супраціву акурат і ўяўлялі зь сябе зусім новую генэрацыю несыстэмнай апазыцыі, якая не пагаджалася са стратэгіяй апазыцыйных партыяў, з прынцыпамі іх дзейнасьці, не была носьбітам «партыйнай культуры» і мела адрознае бачаньне сытуацыі . Гэтае пакаленьне ўяўляла відавочную пагрозу для традыцыйнай партыйнай апазыцыі, і таму гэты велізарны патэнцыял моладзевай актыўнасьці ня быў ніякім чынам выкарыстаны апазыцыйнымі партыямі і, пазьней, сышоў на нішто. Але ў выпадку рэалізацыі іншай стратэгіі, згодна зь якой арганізацыйная матрыца «старых» партыяў наклалася б на хвалю несыстэмнага і спантаннага моладзевага супраціву, дэмакратычныя сілы маглі б атрымаць нашмат больш магутны і актыўны рух, чым пазьней утвораны Рух «За Свабоду».

Такім чынам, вынікі дасьледаваньня дазваляюць зрабіць выснову пра наяўнасьць разрыву пакаленьняў у беларускай сыстэмнай апазыцыі, які на сёньняшні дзень, аднак, не прыводзіць да канфлікту пакаленьняў.

Дзяніс Мельянцоў

* Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак: «Зьмена пакаленьняў у беларускай апазыцыі: ці ёсьць канфлікт?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0