Едучы на самыя ўсходнія межы Беларусі, каб акопным пэрфомансам адзначыць 19-годзьдзе Маладога фронту, я зусім не зьбіраўся паглыбляцца ў народныя масы. Зразумейце мяне правільна, за апошнія паўтара года мы трохі раслабіліся: пастаянныя зборы «Ваяра» на трэніроўкі і іншыя выезды, бесперашкодная вайсковая падрыхтоўка са страйкбольнай зброяй, стварэньне рэгіянальных суполак — усё гэта мірна і спакойна функцыянавала цягам года-другога. Таму абсалютна зразумела, што ў Ветцы мы нікога не плянавалі сустрэць. Але нашы пляны былі брутальна разбураны вясёлымі кіраўнікамі Веткаўскага раёна.

Вясёлымі, бо такога цырку я за 16-ты год свайго апазыцыйнага стажу ня бачыў: на двух маладафронтаўцаў чалавек з дваццаць сілавікоў, сярод якіх кіраўнік раённага сьледчага камітэту, кіраўнік раённага МУС, кіраўнік выканкама ці тое КДБ (бо хто можа камандаваць камандзірам міліцыі?), які і ўчыніў апафеоз маразму — загадаў прывезьці ў лес дзьвух перакладчыц зь ліку мясцовых настаўніц беларускае мовы. Гэта да чаго трэба дайсьці, каб беларускі чыноўнік, які вырас на беларускай зямлі, скончыў беларускую школу, беларускі ўнівэрсытэт, атрымаў ад беларускага народу афіцэрскія пагоны — і выклікаў перакладчыка з беларускай мовы і на беларускую, гэта ці не дыягназ сыстэме?

Аднак, як ня дзіва, станоўчыя ўражаньні перавышаюць нэгатыўныя. Прыехаўшы на «месца злачынства» раённы кіраўнік сьледчага камітэту хоць з цяжкасьцю, але размаўляў са мной па-беларуску, ды так разышоўся, што і з настаўніцамі на роднай мове балбатаў без супыну. Прызнаваўся, як важна ведаць мову і ёй карыстацца. Адзін з міліцэйскіх падпалкоўнікаў уступіў у дыскусію па расейска-ўкраінскай вайне і хоць напачатку выказваўся рэзкавата, па разьвітаньні паціскаў многім руку і нават хваліў. Кіраўнік мясцовай міліцыі паводзіў сябе вельмі інтэлігентна, што ўжо само па сабе — геройства для сучаснай міліцыі, і пераконваў мяне, што таксама можа па-беларуску. Трохі нават спрабаваў, але я яго ня мучыў настойваньнем, і ён пераключыўся назад на расейскую. На разьвітаньне вельмі нас пераконваў наведаць Веткаўскі гістарычны музэй, што мы з Сяргеем Пальчэўскім і зрабілі па вызваленьні з райадзьдзела міліцыі.

Веткаўскі музэй — прыгожы трохпавярховы (!) будынак на галоўнай плошчы. Першы паверх музэя — артэфакты з раскопак і іншае, другі паверх — вышыванкі і іконы, трэці паверх — Біблія ў розных выданьнях. Музэйныя экспанаты распавядаюць гіторыю Веткі, а гісторыя сапраўды цікавая. Заснаваны горад у XVII ст. стараверамі, якіх перасьледвалі ў Расеі ўлады. У XVIII ст. на Ветку кідаліся карныя царскія войскі, якія спалілі горад і большасьць жыхароў перасялілі назад у Расею.

«Нічога дзіўнага, — кажу я сталай кабеце, адміністратарцы музэя, — як маскалі рэзалі сваіх жа былых адзінаверцаў у Ветцы, так цяпер забіваюць на акрываўленых землях Усходняй Украіны.» Кабета згодна ківае галавой і прыгаворвае: «Ай жаж, дзеткі мае, абы спакойна было, абы не ваявалі».

Аднак спакойна не было ніколі і заўсёды ваявалі. Толькі маскалі вайну называюць праявай брацкай любові і сваяцкага клопату. Але брацкая любоў агнём і высяленьнем не перашкодзіла веткаўскім стараверам пусьціць карані, якія і сёньня адрозьніваюць Ветку і наваколе ад іншых земляў Усходняй Беларусі. Я аб’езьдзіў шмат міліцэйскіх калектываў з Захаду на Ўсход і магу сказаць пэўна, што веткаўскія людзі — гэта патрыёты нашай Бацькаўшчы, а Ветка — надзейны бастыён Беларушчыны на нашых усходніх межах!

Атрымалі маскалі пад Воршай, атрымаюць і пад Веткай! Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?