Брама былога кляштара кармелітаў, пашкоджаная, верагодна, нямецкімі вайскоўцамі.

Брама былога кляштара кармелітаў, пашкоджаная, верагодна, нямецкімі вайскоўцамі.

Краязнаўцы набылі на нямецкім сеціўным аўкцыёне ebay.de чатыры фотаздымкі, зробленыя ў Глыбокім у перыяд ІІ Сусветнай вайны. Набыццё стала магчымым дзякуючы ахвяраванням людзей з розных гарадоў Беларусі.

На першым здымку, які зроблены ў ліпені 1941 года, бачым праваслаўную царкву Раства Багародзіцы. Фота зробленае з Копцеўскай вуліцы (Горкага). Царква мае купал пасярэдзіне, які быў збудаваны ў 1908 годзе, а згарэў пры невядомых абставінах летам 1944 года, калі Глыбокае ўжо было занята савецкімі войскамі. Перад царквой — драўляны будынак школы, дзе ў канцы ХІХ стагоддзя настаўнічаў Восіп Сухі, бацька слыннага канструктара самалётаў Паўла Сухога. Верагодна, будынак школы быў знішчаны ў канцы ІІ Сусветнай вайны.

Другі здымак, зроблены ў снежні 1941 года — гэта погляд на касцёл Святой Тройцы з Беразвецкай вуліцы (Савецкай). Бачым на ім драўляную забудову цэнтральнай часткі Глыбокага. У 1920-я і 30-я гады на ўскраінах горада будаваліся кварталы новых дабротных дамоў, аднак цэнтральныя вуліцы, з нізкімі, падкошанымі хатамі, якія туліліся адна каля адной, выглядалі вельмі бедна. Усю гэтую забудову знішчылі летам 1944 года пажары, якія пачаліся ад падпалаў нямецкімі войскамі, якія адступалі, а таксама бамбардзіровак і абстрэлу савецкімі войскамі. Будынкі на Беразвецкай вуліцы, паводле ўспамінаў краязнаўцы Антона Сабалеўскага, падпальвала каманда нямецкіх вайскоўцаў пры дапамозе адмысловай машыны. З 1124 жылых дамоў, што былі перад вайной у Глыбокім, засталіся 357. Калі мураваныя будынкі маглі быць адноўленыя пасля пажару, то драўляныя не аднаўляліся.

Трэці і чацвёрты здымкі прадстаўляюць царкву Раства Багародзіцы. На царкоўным дзядзінцы шэрагам стаяць вайсковыя грузавікі. Жаўнеры Вермахта пачуваюць сябе гаспадарамі ў святым для глыбачанаў месцы. Калі прыгледзецца да царкоўнай брамы, то бачна, што яе сярэдняя частка, якая з XVIII стагоддзя мела прыгожы барокавы дэкор, аббіта. Гэта маглі зрабіць немцы, каб зрабіць праезд для буйнагабарытных машын. Ранейшы выгляд брамы так і не быў адноўлены. Будынак на плошчы перад царквой, крыты дахоўкай — гэта пабудаваны пры Польшчы гарадскі пастарунак паліцыі, цяпер у ім месціцца раённы аддзел міліцыі.

«Фотаздымкі даюць нам уяўленне пра невядомыя раней дэталі выгляду даўнейшага Глыбокага. Напрыклад, мы не ведалі пра пашкоджанне брамы кляштара кармелітаў, верагодна, нямецкімі вайскоўцамі. Не мелі і выяваў забудовы Беразвецкай вуліцы перад яе пажарам у ліпені 1944 года. Здымкі, якія зробленыя ў Глыбокім у розныя гістарычныя эпохі — гэта частка нашай спадчыны. Важна, каб яны паволі вярталіся ў наш горад», - кажа адзін з ініцыятараў набыцця фотаздымкаў, краязнаўца Кастусь Шыталь.

Здымкі знайшоў і арганізаваў іх набыццё Давід Алег Лісоўскі, калекцыянер і перакладчык родам з Магілёва, які жыве ў Нямеччыне. Грошы на набыццё фотаздымкаў — агулам яны каштавалі 55 еўра — ахвяравалі Яўген Бабіч (Глыбокае), Андрэй Вашкевіч (Гародня), Алесь Гелагаеў (Мінск), Юры Калбасіч (Глыбокае), Наста Малатоўнік (Глыбокае), Таццяна Міхайлоўская (Мінск), Андрусь і Надзея Храпавіцкія (Вільня), Генадзь Шарыпкін (Мінск).

Фотаздымкі будуць перададзеныя ў фонды Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Якасныя лічбавыя копіі змогуць атрымаць ўсе асобы, зацікаўленыя ў вывучэнні гісторыі Глыбокага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?