У 75 гадоў ён пакінуў пасаду дэкана факультэту камунікацый Балёнскага ўнівэрсытэту. Але і на адпачынку стары інтэлектуал не стамляецца перасьцерагаць ад пагрозы новага, мэдыяфашызму.

— Вядома, што сваёй папулярнасьцю ў сьвеце Вы заўдзячваеце ў першую чаргу дэтэктыўнаму раману «Імя Ружы», але Вы маеце таксама славу і палітычнага камэнтатара. У сваіх артыкулах апошніх год, якія выйшлі кнігай пад назвай «Ракам назад», Вы засьцерагаеце ад пагрозы так званага «мэдыяпапулізму». Што вы маеце на ўвазе пад гэтым тэрмінам?

Умбэрта Эка: Мэдыяпапулізм дазваляе непасрэдна зьвяртацца да народу праз СМІ. Палітык, які трымае ў руках сродкі масавай інфармацыі, можа накіроўваць палітычны працэс па-за межамі ўплыву парлямэнту.

— Ваша кніга — гэта ў значнай меры атака на Сыльвіё Бэрлюсконі, прэм’ер-міністра Італіі, які выкарыстаў сваю мэдыяімпэрыю для асабістых палітычных мэтаў.

УЭ: Бэрлюсконі адначасова і самы заможны чалавек Італіі, і старшыня Рады міністраў, і ўладальнік трох тэлевізійных каналаў, а ўрад кантралюе таксама тры дзяржаўныя мэдыякампаніі. Гэты фэномэн можа зьявіцца і ў іншых краінах, а магчыма, ужо недзе і ёсьць — на такі самы ўзор.

— Аднак ЗША маюць Фэдэральную камісію па камунікацыях і іншыя фэдэральныя арганізмы, якія былі створаныя з мэтай не дапусьціць утварэньне манаполіяў, якія дазволілі б палітыкам кантраляваць прэсу і тэлевізійныя каналы.

УЭ: У ЗША дасюль існуе, хоць бы як і прынцып, вельмі жорсткі падзел паміж мэдыямі і палітычнай уладай.

— У такім разе, чаму Вы лічыце, што ня толькі Італія, але і якая-кольвек іншая краіна рызыкуе трапіць пад дыктат мэдыяў, якія Вы апісалі?

УЭ: Тое, што за межамі Італіі існуе такая цікавасьць да італьянскага прыкладу, дык у тым ліку і таму, што Італія на працягу мінулага стагодзьдзя была лябараторыяй тэндэнцый. Пачынаючы з футурыстаў, якія выступілі з сваім маніфэстам у 1909 г., і далей працяг — фашызм, які быў вынайдзены ў італьянскай лябараторыі і затым эміграваў у Гішпанію, на Балканы і ў Нямеччыну.

— Вы хочаце сказаць, што ідэя нацысцкай Нямеччыны нарадзілася з ідэі італьянскага фашызму?

УЭ: Няма сумневу. Так кажуць гісторыкі.

— Такім чынам, Вы лічыце, што Італія стаяла ля вытокаў гэтых дзьвюх тэндэнцыяў, як у мастацтве — футурызм, так і ў палітыцы— фашызм?

УЭ: Менавіта так. Чаму не?

— Ці Вы думалі калі заняцца палітыкай?

УЭ: Не. Таму што лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай.

— Вы лічыце сябе ў першую чаргу пісьменьнікам?

УЭ: Думаю, што я навуковец, які піша раманы, але толькі левай рукой.

— Ці Вы чыталі «Код да Вінчы» Дэна Браўна, у якім шмат якія крытыкі пабачылі поп-вэрсію вашага раману «Імя Ружы»?

УЭ: Я быў вымушаны прачытаць яго, таму што ўсе задавалі мне пытаньні на гэты конт. Адказ: Дэн Браўн адзін з пэрсанажаў майго раману «Ківач Фуко», у якім гаворка ідзе пра людзей, якія вераць у акультычны абсурд.

— Аднак здаецца, што і Вы цікавіліся ў свой час кабалой, альхіміяй і іншымі акультнымі практыкамі, пра якія гаворыцца ў вашай кніжцы.

УЭ: Не, у рамане «Ківач Фуко» я вывеў гэты тып людзей у гратэскнай манеры. Вось чаму Дэн Браўн — адно з маіх стварэньняў.

— Ці важна для Вас, каб Вашы раманы чыталі і праз сто год?

УЭ: Пісаць кнігу і ня дбаць пра тое, каб гэтая кніга жыла, было б справай для дурняў.

Інтэрвію браў «Нью-Ёрк таймс мэгэзын». З італьянскай пераклала NM

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0