З 5 па 6 верасня ў Жэневе адбылася чарговая генеральная асамблея Асацыяцыі еўрапейскіх клубаў (ЕСА). На пасяджэнні быў прадстаўлены новы фармат правядзення еўракубкаў.
Кваліфікацыя Лігі чэмпіёнаў зведала значныя змены. Пачынаючы з 2018 года адборачных раўндаў у «шляху чэмпіёнаў» будзе пяць [цяпер чатыры].
У іх возьмуць удзел чэмпіёны ўсіх краін, размешчаных у рэйтынгу УЕФА на радках з 11-га па 55-ы (такім чынам, 11-я і 12-я краіны пазбавіліся прамых пуцёвак у групавы этап).
Чэмпіён Беларусі з вялікай доляй імавернасці стартуе з другога раўнда.
Адзначым, што з «шляху чэмпіёнаў» у групу трапяць не пяць, а чатыры клубы. Яшчэ два праб'юцца ў восеньскую фазу праз «шлях лігаў». Астатнія 26 каманд атрымаюць месцы ў групе па выніках выступаў у нацыянальных першынствах.
Што датычыцца кваліфікацыі Лігі Еўропы, то яе яшчэ трэба будзе абмеркаваць. Таксама пакуль не выдаюцца фінансавыя дэталі ў абодвух спаборніцтвах.
Нагадаем, што ў сёлетнім сезоне 2016/2017 Беларусь не прадстаўлена ў групавой стадыі еўракубкаў. БАТЭ спачатку выбыў з Лігі чэмпіёнаў, а потым не здолеў прабіцца ў групавы раўнд Лігі Еўропы.