Прадстаўнікі апазіцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі праводзяць 10 верасня каля гасцініцы «Мінск» у цэнтры сталіцы пікет супраць фальсіфікацыі выбараў.

У правацэнтрысцкую кааліцыю, нагадаем, уваходзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Як растлумачыў на пікеце сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, гэта месца абрана таму, што яно знаходзіцца недалёка ад плошчы Незалежнасці і Цэнтрвыбаркама. Паводле яго слоў, на самой плошчы правесці пікет нельга, бо яна ўваходзіць у пералік месцаў, на якіх не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што правацэнтрысты не разглядаюць цяперашнюю выбарчую кампанію ў парламент як дэмакратычную, лічаць выбары нелегітымнымі. Паводле яго слоў, падобныя сцвярджэнні можна зрабіць на падставе таго, што большасць прадстаўнікоў апазіцыі не былі ўключаныя ў склад выбарчых камісій, а праграмы і выступленні дэмакратычных кандыдатаў зведвалі цэнзуру з боку ўлад. «Гэтыя выбары не могуць адпавядаць стандартам АБСЕ», — падкрэсліў Лябедзька.

Першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» адзначыў, што назіральнікі сабралі сотні фактаў, калі выбарчыя камісіі ішлі на парушэнне выбарчага заканадаўства, у тым ліку укідвалі бюлетэні. «Мы не можам лічыць гэтыя выбары свабоднымі. Ужо зараз можна сцвярджаць, што ў парламент трапяць толькі ухваленыя ўладамі прэтэндэнты», — адзначыў палітык.

У пікеце прымаюць удзел да дваццаці чалавек, у тым ліку кандыдаты ў дэпутаты Юрась Губарэвіч, Юрый Хашчавацкі, Вольга Кавалькова, Аліна Хоміч, Дзмітрый Кучук, Вольга Маёрава і іншыя.

За пікетам назіраюць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, здымаючы тое, што адбываецца, на камеру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?