Загінула немаўля. Прычына — нітраты ў вадзе са студні.

Наста Скрундзь пражыла ўсяго 1 месяц і 7 дзён. Малюсенькае дзіцятка пры канцы мінулага тыдня пахавалі ў вёсцы Масты Правыя, дзе яна і нарадзілася. У мэдычнай выснове сказана, што сьмерць здарылася ад выпадковага атручваньня пры «ўзьдзеяньні нітратаў, якія знаходзіліся ў вадзе студні».

Даведаўшыся пра гэтае надзвычайнае здарэньне, я тэрмінова скіраваўся ў Масты Правыя. Ад райцэнтру Масты туды толькі 5 кілямэтраў. У дагледжаным аграгарадку на першы погляд нічога не нагадвала пра гібель дзіцяці. Але варта было спыніцца пры першых мінаках, як гутарка адразу закруцілася вакол страшэннае падзеі. Яе ў гэтыя дні тут абмяркоўваюць амаль усе жыхары.

Пайшоў да дому №53 на вуліцы Садовай, дзе жыла Настасься. У двары стаяла апранутая ва ўсё чорнае бабуля Валянціна Драбіновіч. Заплаканай жанчыне было не да размоваў. Але Валянціна Міхайлаўна сама перапыніла няёмкую паўзу:

— Я страціла адзіную ўнучку. Што можа быць больш жахлівым? Ніяк не магу з гэтым зьмірыцца. Баліць…

У Валянціны Драбіновіч і яе мужа доўга не было дзяцей. Каб не застацца да старасьці аднымі, вырашылі прыняць дзяўчынку і хлопчыка. Бацькі‑работнікі душы ў іх ня чулі. Але восем гадоў таму ў сям’і адбылося гора. Вясковыя дзеці пайшлі плаваць на Нёман — ён тут побач. Трох дзетак з чатырох патанулі, у тым ліку і прыёмны сын Валянціны Міхайлаўны. Выратавацца ўдалося толькі яе дачцэ — Тацяне.

Але на гэтым ліхая доля не пакінула сям’і. Паўтара году таму Тацяна разам з суседкай ехалі на аўтамабілі і трапілі ў аварыю. Сяброўка загінула, а Тацяна зноў засталася жывой. Пасьля школы паступіла ў Ваўкавыскі аграрны каледж. Насту нарадзіла бяз мужа ў няпоўныя 18 гадоў. Малую больш даглядала бабуля‑пэнсіянэрка, але на лёс яна не наракала. Наадварот, радаваліся прыбаўцы ў сям’і. У сваёй студні вада была каламутнай, таму бабуля хадзіла зь вядром да суседкі. Калі б яна ведала, чым гэта потым абернецца…

Апошнімі днямі Наста залівалася плачам, чэзла ўвачавідкі. Хуткая дапамога адразу забрала яе ў Мастоўскую раённую бальніцу. Але там выратаваць немаўля не патрапілі. У лекарскім пасьведчаньні Дзяржаўнай службы мэдычных судовых экспэртыз сказана, што прычынай сьмерці сталася ўзьдзеяньне на яшчэ нядужы арганізм нітратаў. Але як яны трапілі ў вясковую студню?

Старшыня Масоўскага сельскага выканкаму Ўладзімер Мельнічак шкадуе пра тое, што не патрапіў пракласьці цэнтральны вадаправод у аграгарадку да канца:

— Ён у нас і раней быў, але ў 2007 г. пашырылі водаправодную сетку яшчэ на 2,1 км. Цяпер да бальшыні дамоў у Мастах Правых падведзеныя трубы.

А ў дамах 53 і 55 пры вуліцы Садовай па‑ранейшаму засталіся старыя студні. Якой якасьці там вада, ніхто ўжо даўна не правяраў. Санітарна‑тэхнічны стан вясковых сьвідравін дасьледуюць толькі ў тым разе, калі ў сям’і ёсьць дзеці да трох гадоў. Уладзімер Мельнічак паказвае мне акт рэвізіі за леташні год. Адмыслоўцы раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі ўзялі спробы ў дзевяці студнях у Мастах Правых і Мастах Левых. Толькі ў дзьвюх зь іх утрыманьне нітратаў у вадзе не перавышала нормы — 45 міліграмаў на адзін літар. А ў сямі астатніх «хімдадаткі» перасягалі дапушчальныя парамэтры ў 1,2—3 разы. Галоўны доктар дзяржаўнай установы «Мастоўскі раённы ЦГЭ» Аляксандар Трачук тады раіў гаспадарам «брудных» студняў іх пачысьціць і зрабіць дэзынфэкцыю. Таксама выказвалася парада карыстацца ўдома вадой з бутэлек ці браць яе з водаправоду. Але людзі рабілі па‑свойму, бо гэта ўсяго толькі рэкамэндацыі…

Санітарная служба абсьледавала студні на тэрыторыі Мастоўскага сельсавету і ў гэтым годзе. Калі дакладней — 26 траўня, 9 дзён да сьмерці Настасьсі. Акт праверкі адразу ж запатрабавала Мастоўская раённая пракуратура. Сьледчы Дзьмітры Антановіч паведаміў падрабязнасьці:

— Аналіз спробаў зроблены 27 траўня. Аказалася, што ў студні дому №55, дзе брала ваду Валянціна Драбіновіч, утрыманьне нітратаў складала 119 міліграмаў на літар. Калі 4 чэрвеня зрабілі паўторную праверку, то лічба павялічылася да 122 міліграмаў — то бок амаль утрая вышэй за норму. А вось у студні ў Драбіновіча вада, хоць і каламутная, але толькі ўдвая перавышае норму ўтрыманьня нітратаў. Вэрсія атручваньня дзяўчынкі нітратамі ў нас — асноўная і адзіная. Аднак пакуль гэта толькі меркаваная прычына яе сьмерці, сьледзтва працягваецца.

На жаль, гэта не адзінае «нітратнае» надзвычайнае здарэньне на Гарадзеншчыне за апошнія дні. Па неверагодным супадзеньні першай пацярпела таксама дзяўчынка зь імем Наста. І зноў з Мастоўскага раёну, але ўжо зь Дзількаўцы Зарудаўеўскага сельсавету. Двухмесяцовае немаўля спачатку прывезьлі ў райбальніцу. Дзіця тэрмінова даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленьне абласной дзіцячай бальніцы. Яго загадчык Аляксандар Клачко кажа, што жыцьцё Насты Богдан цяпер у бясьпецы:

— Два дні мы ратавалі дзяця, у якога было атручваньне нітратамі цяжкай ступені, і выратавалі. Дыягназ пацьвердзіўся пасьля аналізу крыві. Такія выпадкі нярэднія. За год толькі ў нашае аддзяленьне трапляюць, прычым з розных раёнаў, 4—5 дзяцей у веку да чатырох месяцаў. Менавіта ў гэты пэрыяд немаўляты асабліва цяжка пераносяць атручваньне нітратамі.

… Брыгада лекараў з абласной дзецячай бальніцы імчала ў Масты да Насты Скрундзь, але не пасьпела…

Дарэчы

Нітраты трапляюць у чалавечы арганізм зь ежай ці вадой, у страўніку яны ператвараюцца ў нітрыты, якія ўзаемадзейнічаюць з гемаглябінам крыві. Парушаецца нармальнае дыханьне вузаў і тканак (гіпаксія), назапашваецца малочная кіслата, халестэрын і рэзка зьніжаецца колькасьць бялку. Нітраты асабліва небясьпечныя для немаўлят, бо ўзнаўленьне гемаглябіну ў іх нядужым арганізьме адбываецца павольна.

Камэнтар

Галоўны доктар Гарадзенскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Мікалай Кендыш:

— Тры гады таму мы з уласнай ініцыятывы пачалі абсьледаваць ваду ў студнях дамоў тых сем’яў, дзе ёсьць маленькія дзеці. І правяраем яе ня толькі на ўтрыманьне нітратаў. Да жалю, 60—70% такіх студняў непрыдатныя, ваду зь іх нельга ўжываць у ежу, тым болей распушчаць ёй дзіцячыя сумесі. Але гэтая праблема ўзьнікла ня сёньня, пра яе кажуць ужо гадоў дваццаць.

Іосіф Папко, Советская Белоруссия

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0