Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з Андрэем Фомачкіным, які разгарнуў на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды-2016 у Рыа расійскі сцяг. Ён адзначыў, што ўхваляе гэты крок, які з'яўляецца праявай «салідарнасці і пратэсту супраць несправядлівасці».

«Гэта было рашэнне на самым высокім узроўні. Гэта наша пазіцыя, дзяржаўная, у тым ліку і прэзідэнта Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён распавёў, што незадоўга да Паралімпіяды быў у людзей з абмежаванымі магчымасцямі і не лічыць іх інвалідамі «ці людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі або здольнасцямі — яны больш за нас могуць».

«Нельга крыўдзіць такіх людзей. Гэтыя людзі і так пакрыўджаныя. І раз дазволілі такім людзям спаборнічаць, навошта мы іх гнабім?» — лічыць Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што вельмі засмучаны — як «амаль спартсмен» і як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ён выказаўся за чысціню спорту, але лічыць, што калі кагосьці вінавацяць ва ўжыванні допінгу, то неабходныя доказы.

«Калі мы вінавацім нейкую краіну, перш за ўсё нашу Расію, гэта ж нашы браты — гэта нюанс важны, дык пакладзіце на стол факты! Навошта вы ж усіх гуртам ўзялі і змялі?» — задаўся пытаннем Лукашэнка.

«Мы не ведаем, што адбываюцца ў гэтых WADA (антыдопінгавым агенцтве). У каго там прыбіральшчыца ішла, хвастом узмахнула, і з прабіркі ўсё — няма чаго спытаць, вось нядаўна пра амерыканцаў пісалі. А вось у беларускіх і расійскіх спартоўцаў не змахнула: праверылі — праслязіліся. А як праверыць ісціну? А ніяк, і будзьце здаровыя. Кажуць — ідзіце ў суд, а суддзі хто? Вось і ўся дэмакратыя», — эмацыйна выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, вось гэта ўсё і з'яўляецца прычынай падтрымкі нашых паралімпійцаў, якія зрабілі ўсё «абсалютна законна».

«Чаму ў нашых інвалідаў адабралі два сцягі расійскія пры выхадзе на стадыён? Інвалідаў скруцілі, сцягі забралі. Ну добра, што мужыкі прадугледзелі і пад цяльняшкай быў запасны расійскі сцяг, які наш функцыянер і разгарнуў… Гэта салідарнасць. Гэта пратэст супраць несправядлівасці», — адзначыў Лукашэнка.

Нагадаем, на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанейра прадстаўнік беларускай спартыўнай дэлегацыі Андрэй Фомачкін пранёс расійскі сцяг. За гэта ён быў пазбаўлены акрэдытацыі. Як пазней расказала прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант, акцыя была падтрымана Аляксандрам Лукашэнкам.

Чытайце таксама: Шэф беларускай місіі на Паралімпіядзе: «Мы абураныя ўчынкам Фомачкіна»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?