Адзін з журналістаў пацікавіўся сёння, чаго, на думку Лукашэнкі, не хапае апазіцыйным партыям, каб яны годна выглядалі на беларускім палітычным полі і годна прадстаўлялі сябе на выбарах.
«Калі абсалютна коратка, то занадта далёкія яны ад народа, — выказаў меркаванне Лукашэнка. — Калі апазіцыя і далей будзе працаваць дзеля таго, каб працаваць на кішэню, для таго, каб пражыць (хоць я і гэта разумею)… Але супраць народа і краіны ваяваць пры гэтым нельга. іх часам заносіць у гэты бок, і тады мы вымушаныя трошкі ссоўваць да цэнтра. Яны за гэта не павінны на мяне нападаць, яны мне павінны быць удзячныя за тое, што я іх ну зусім ужо ў «адмарожанасць» не накіроўваю. Я не хачу, каб гэтая апазіцыя была пятай калонай ўнутры нашай краіны. Хачу, каб гэтая апазіцыя існавала і была канструктыўнай».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён сам з апазіцыі прыйшоў да ўлады. «Мне часам пра гэта нагадваюць, не трэба нагадваць, я гэта памятаю. Гэта для мяне святое», — працягнуў ён.
Лукашэнка лічыць, што трэба быць бліжэй да праблем людзей, нават калі гэта вельмі складана. Ён растлумачыў:
«Усе рупяцца за народ, пачынаючы ад прэзідэнта і заканчваючы старшынёй сельсавета. Хто супраць народа? Усе за! Але розніца толькі ў тым, хто на справе, а хто проста балбоча. Давайце прабачым іх за гэта. Яны і так ужо пакараныя. І мне здаецца, напэўна, вы пагодзіцеся з маім пунктам гледжання, яны не проста далёкія ад народа, яны набліжацца да яго не хочуць. Я маю на ўвазе, яны і ўлады гэтай не жадаюць».
«Паверце, гэты кавалак, нягледзячы на ўсю пампезнасць улады, у тым ліку прэзідэнцкай, — гэта найцяжэйшы крыж, — сказаў ён. — Напэўна, многія апазіцыянеры (шмат хто быў са мной на першых прэзідэнцкіх выбарах) зразумелі, што гэты хлеб не просты, таму ўзялі на ўзбраенне: змагаемся супраць усяго і ўся, і добрага і дрэннага, не заўважаем добрага. Супраць усяго змагаемся, абы нейкія замежныя фонды чагосьці падкінулі з усіх бакоў».
Лукашэнка рэзюмаваў: «Напэўна, гэта няправільна, але гэта іх выбар».