На выбарчым участку № 687, размешчаным у сярэдняй школе № 108 па вуліцы Уральскай у Мінску, выбаршчыкам раздавалі прадукцыю кампаніі «Крыніца», у тым ліку піва ў бляшанках.

«Мы прагаласавалі, а нам далі тыпу паперку, якая мяняецца на падарунак», — расказаў БелаПАН адзін з выбаршчыкаў.

«Падарунак» уяўляе сабой фірмовы пакет кампаніі «Крыніца», у якім знаходзіцца некалькі ўпаковак жэле і кісяля, паўтаралітровая бутэлька безалкагольнага газаванага напою, а таксама дзве паўлітровыя бляшанкі піва.

«Гэта атрымліваецца хабар», — усміхаецца выбаршчык. Пры гэтым ён лічыць такі «падарунак» ад участковай камісіі «нармальным».

Вялікую колькасць пакетаў з прадукцыяй «Крыніцы» карэспандэнты БелаПАН бачылі ў холе школы, як, зрэшты, і людзей, якія выходзяць з імі ў руках з выбарчага ўчастка.

Старшыня выбарчай камісіі № 687 Ігар Лагойка на камеру адмаўляў факт раздачы «падарункаў» выбаршчыкам, але ў нефармальнай гутарцы прызнаўся, што на ўчастку праходзіць дэгустацыя прадукцыі піваварнага прадпрыемства.

Варта зазначыць, што Ігар Лагойка — намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Крыніца» па ідэалагічнай працы і персанале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?