Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім абраная дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе. Упершыню ў Нацыянальным сходзе будзе дэпутат ад ТБМ. Хто ж такая спадарыня Анісім?
Зямлячка Якуба Коласа, была ў Майстроўні
Алена Анісім у пачатку 1980-х. Фота з архіваў Сяргея Дубаўца.
Алена Анісім нарадзілася ў 1962 годзе ў вёсцы Савоні Стаўбцоўскага раёна. Гэта недалёка ад Мікалаеўшчыны Якуба Коласа. Бацькі працавалі настаўнікамі. Мама выкладала матэматыку, бацька — мовы. Яе дзявочае прозвішча — Амельчыц.
Пасля школы Анісім паступіла на вучобу на філфак БДУ. На той час на факультэце ўтварылася моцная суполка «Майстроўня» — нефармальнае моладзевае згуртаванне, якое ставіла за мэту адраджэнне беларускай мовы, а ўрэшце — здабыццё краінай незалежнасці.
«У «Майстроўні» Алена кім толькі ні была — спявачкай, удзельніцай усіх імпрэзаў», — згадваў у сваёй кнізе Сяргей Дубавец.
«Я вельмі шчаслівая тым, што нарадзілася ў сваёй краіне. Я вельмі шчаслівая тым, якія ў мяне аднавяскоўцы, сябры са школы. І вельмі шчаслівая тым, што ў маім жыцці была Майстроўня. Бо калі такія рэчы ёсьць у маладосці, можна толькі зайздросціць самому сабе», — казала яна.
Намесніца Трусава, вядучая АНТ
Фота Сяргея Гудзіліна.
Свядома на беларускую мову Анісім перайшла яшчэ ў пачатку 1980-х. Яна кажа, што такі пераход не быў вельмі лёгкім, хоць яна і прывыкла размаўляць па-свойму ў вёсцы. «Нельга быць увесь час раздвоеным — таму я пайшла далей», — казала яна.
Ад 1991 года Анісім працуе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. З’яўляецца намесніцай Алега Трусава ў Таварыстве беларускай мовы, адной з найбуйнейшых недзяржаўных арганізацый краіны.
Таксама Алена Анісім нейкі час вяла перадачу «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ.
«Неабходна выразная дзяржаўная праграма для прасоўвання мовы ў грамадства. Цяпер такой праграмы не існуе», — са скрухай адзначала спадарыня Алена.
Не лічыць сябе феміністкай
Фота Сяргея Гудзіліна.
У Алены Анісім трое сыноў, ніхто з іх, праўда, не займаецца грамадскай дзейнасцю. Жыве дэпутатка ў чатырохпакаёвай кватэры ў мінскім мікрараёне Паўднёвы Захад.
На закупы ходзіць у бліжэйшы «Еўраопт». На шопінг за мяжу, кажа, што ніколі не ездзіць, бо любіць беларускія тавары. Гатуе кожны дзень.
«Я ні ў якім разе не феміністка», — кажа яна.
Спрабавала вылучацца ў прэзідэнты
Фота Сяргея Гудзіліна.
Летам 2014 года прайшла нечаканая інфармацыя, што Алена Анісім будзе вылучацца кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. Сама яна гэтага не адмаўляла.
«У палітыку ісці мне не страшна, бо я ўжо досыць пажыла, тое-сёе маю за плячыма, як у асабістым, гэтак і ў прафесійным, ты разумееш, ці табе спыніцца на пэўным узросце, ці расці далей», — казала яна ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».
Пасля гэтага, у тым ліку намаганнямі Анісім, былі праведзеныя некалькі сесій Кангрэсу за незалежнасці, але асаблівай папулярнасці яны не займелі.
Праўда, да вылучэнне справа так і не дайшла. «Я разумею, што ў дадзенай сітуацыі перамогу атрымаць немагчыма, а я звыкла дасягаць поспеху ў любой справе, за якую бяруся», — сказала Анісім у чэрвені 2015 года.
Што абяцае?
Перадвыбарчая праграма Алены Анісім уключала ў сябе некалькі вельмі канкрэтных пунктаў. У першую чаргу гэта тычыцца будаўніцтва — гандлёвага цэнтра ў мястэчку Новаколасава, раддома ў Нясвіжы, дзіцячага садка ў Стоўбцах. Таксама яна прапануе зрабіць некалькі дадатковых прыпынкаў для жыхароў Стаўбцоўскага раёна ў населеных пунктах — Савоні, Горкі, Жацерава, Вечатарова. Наконт апошняга паселішча, то Анісім абяцала яшчэ паспрыяць газіфікацыі Вечатарова.
Некалькі было таксама агульных абяцанняў. Напрыклад, ініцыяваць прыняцця закона па якому заробкі чыноўнікаў набліжаліся да сярэдняга па краіне, выхад на пенсію для ўсіх катэгорый насельніцтва ў адзін час (выключэнне тыя, хто працуе ў шкоднай вытворчасці).
Для беларускай мовы Анісім прапануе зрабіць па адной беларускамоўнай гімназіі ў кожным раённым цэнтры.
Як бачым, такія абяцанні прыйшліся выбарцам даспадобы.