11 верасня кіраўнік краіны пасля таго, як аддаў свой голас за аднаго з кандыдатаў у дэпутаты, выказаўся па многіх пытаннях, якія ў апошнія тыдні цыркулююць у грамадстве.

«Адкрыйце сумачку, уключыце фотаапарат, зрабіце здымак. Колючае, рэжучае?» — у чаканні кіраўніка краіны агляды праводзілі некалькі разоў, пачынаючы ўжо ад прыступак. Побач з Універсітэтам фізічнай культуры людзі ў цывільным пільна сачылі за ўсімі, хто набліжаўся да ўстановы. Але ўнутры атмасфера была збольшага разняволеная.

Выбаршчыкаў было няшмат, сябры камісіі перамаўляліся паміж сабой, а хто не быў прывязаны да месца, хутка накіроўваўся ў буфет.

Карціна гэтага салодкага кутка проста зачароўвала, галоўным акцэнтам якога зрабілі арнамент. Ён быў на сценах, падушках, што ляжалі на канапах, на перніках і нават на гальштуках і мятліках усмешлівых прадаўцоў. Было тут чым парадаваць не толькі вока. На вітрынах можна было адшукаць як звычайныя булачкі па 17 капеек, так і шэдэўральныя торты ледзьве не за 100 рублёў. Але самыя вялікія чэргі збіраліся ў кілбасным аддзеле.

Вось гэтая мясная баба сёння ўжо паспела стаць сімвалам парламенцкіх выбараў-2016:

Сем адказаў Лукашэнкі

Кіраўнік краіны разам з сынам Мікалаем прагаласаваў, а пасля выйшаў пагутарыць з журналістамі. 

Фота: ntv.ru

Фота: ntv.ru

Пра Фомачкіна і Паралімпіяду

На адкрыцці Паралімпійскіх гульняў ўдзельнік беларускай дэлегацыі Андрэй Фомачкін пранёс расійскі сцяг, чым справакаваў скандал.

«Гэта было рашэнне на самым высокім узроўні. Гэта наша пазіцыя, дзяржаўная, у тым ліку і прэзідэнта Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён распавёў, што незадоўга да Паралімпіяды быў у людзей з абмежаванымі магчымасцямі і не лічыць іх інвалідамі «ці людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі або здольнасцямі — яны больш за нас могуць».

«Нельга крыўдзіць такіх людзей. Гэтыя людзі і так пакрыўджаныя. І раз дазволілі такім людзям спаборнічаць, навошта мы іх гнабім?» — лічыць Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што вельмі засмучаны — як «амаль спартсмен» і як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ён выказаўся за чысціню спорту, але лічыць, што калі кагосьці вінавацяць ва ўжыванні допінгу, то неабходныя доказы.

«Калі мы вінавацім нейкую краіну, перш за ўсё нашу Расію, гэта ж нашы браты — гэта нюанс важны, дык пакладзіце на стол факты! Навошта вы ж усіх гуртам ўзялі і змялі?» — задаўся пытаннем Лукашэнка.

«Мы не ведаем, што адбываюцца ў гэтых WADA (антыдопінгавым агенцтве). У каго там прыбіральшчыца ішла, хвастом узмахнула, і з прабіркі ўсё — няма чаго спытаць, вось нядаўна пра амерыканцаў пісалі. А вось у беларускіх і расійскіх спартоўцаў не змахнула: праверылі — праслязіліся. А як праверыць ісціну? А ніяк, і будзьце здаровыя. Кажуць — ідзіце ў суд, а суддзі хто? Вось і ўся дэмакратыя», — эмацыйна выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, вось гэта ўсё і з'яўляецца прычынай падтрымкі нашых паралімпійцаў, якія зрабілі ўсё «абсалютна законна».

«Чаму ў нашых інвалідаў адабралі два сцягі расійскія пры выхадзе на стадыён? Інвалідаў скруцілі, сцягі забралі. Ну добра, што мужыкі прадугледзелі і пад цяльняшкай быў запасны расійскі сцяг, які наш функцыянер і разгарнуў… Гэта салідарнасць. Гэта пратэст супраць несправядлівасці», — адзначыў Лукашэнка.

Пра Чыжа

Кіраўнік краіны сказаў, што справа бізнесмена Юрыя Чыжа знаходзіцца ў яго на асабістым кантролі. Паводле яго слоў, Чыж па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА, але гатовы кампенсаваць нанесеную дзяржаве шкоду. «Ці то 11, ці то 12 мільёнаў даляраў», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што Чыжу «ўжо выстаўленыя абвінавачванні».

«Шчыра скажу, што справа ў дачыненні да Юрыя Чыжа на кантролі прэзідэнта. І не толькі таму, што ён буйны бізнесмен ды іншае — ён усё-такі недалёка быў часам ад прэзідэнта, і многія асацыявалі яго паводзіны з самім прэзідэнтам. Мне гэта абыякава? Не. я гэта вам шчыра кажу. Таму я трымаю гэтыя пытанні на кантролі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Я не хаваю сваёй пазіцыі, хай плаціць належна. Калі ён мяне пра нешта папросіць, я разгледжу ягоную просьбу і адрэагую дакладна так, як у дачыненні да іншых», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з тых, хто з'яўляецца ў кадры разам з прэзідэнтам, попыт на парадак вышэйшы.

«Ты з'явіўся побач з прэзідэнтам, цябе ўбачылі — рэакцыя людзей зразумелая, таму ты на многае не маеш права. Акрамя сумленнай працы. Калі ты побач з прэзідэнтам, цябе ніхто ніколі незаконна не зачэпіць, але калі трапішся, будзеш адказваць у сто разоў больш і на парадак больш, чым іншыя», — дадаў ён.

«Ён падазраваны. Калі б ён не пабег у свой час і яго не лавілі б на хуткасці 200 км/г, напэўна, ён быў бы пад падпіскай аб нявыездзе або пад хатнім арыштам і хадзіў бы да следчых на допыт. Але ён сам захацеў гэтай долі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я вельмі пазітыўна ацэньваю тое, што ён зрабіў у краіне. Вельмі добра гэта ведаю, бо многія праекты я яму навязваў. І ні адзін прадпрымальнік не будаваў столькі, колькі ён. Але гэта не значыць, што ён не павінен на парадак больш несці адказнасць за свае дзеянні», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што шэраг службовых асоб у краіне, а таксама некаторыя буйныя бізнесоўцы знаходзяцца ў поле зроку прэзідэнта, і праваахоўныя органы, перш чым затрымаць каго-небудзь з гэтых людзей па падазрэнні ў злачынстве, ставяць яго ў вядомасць. «Калі хтосьці там кажа, што міліцыя, КДБ, пракуроры ўзялі ўладу і кіруюць краінай — лухта», — заявіў Лукашэнка.

Пра выбарчую кампанію

У Беларусі прыкладваюць намаганні да таго, каб па выніках выбарчай кампаніі з боку Захаду не было ніякіх прэтэнзій, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Так, мы рабілі ўсё для таго, каб да нас не было прэтэнзій перш за ўсё ад заходняга боку (не толькі АБСЕ, мы таксама яго члены, і мы шмат можам прэтэнзій выставіць дзяржавам, якія з'яўляюцца членамі АБСЕ). З іншага боку, калі нас папракаюць заходнікі, нас цяжка падтрымліваць расіянам, кітайцам і гэтак далей. Мы не хочам ствараць праблем і для нашых сяброў такім чынам. Таму мы ішлі дзесьці насустрач пажаданням, рэкамендацыям і ўмовам, якія вылучалі для нас звонку», — сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, любы палітык, і асабліва кіраўнік дзяржавы, зацікаўлены ў тым, каб у адносінах да яго краіны не ўводзіліся якія-небудзь абмежаванні і санкцыі.

«Усе мы не хочам жыць пад санкцыямі, таму што так ці інакш гэта ўплывае на нас. На Расію ў меншай ступені, таму што яна самадастатковая краіна ў большай ступені, чым мы. На нас — у большай ступені. Як бы мы ні казырыліся, гэта непрыемна», — адзначыў беларускі лідар.

«Так, нам непрыемна, што гэтыя санкцыі былі. Тое, што іх адмянілі, — гэта сведчанне таго, што мы мелі рацыю. Мы не заслугоўвалі гэтых санкцый, таксама як і расіяне», — заявіў Лукашэнка.

Разам з тым ён падкрэсліў, што калі Беларусі ставяць пэўныя ўмовы, ён перш за ўсё глядзіць на тое, ці адпавядае гэта інтарэсам краіны, ці ёсць магчымасць пайсці на той ці іншы крок. «Калі гэта магчыма, мы на гэта ідзём. Навошта залішне абвастраць абстаноўку? Таму мы рабілі ўсё, каб да нас было менш прэтэнзій», — сказаў Лукашэнка.

Пра апазіцыю

«Калі абсалютна коратка, то занадта далёкія яны ад народа, — выказаў меркаванне Лукашэнка. — Калі апазіцыя і далей будзе працаваць дзеля таго, каб працаваць на кішэню, для таго, каб пражыць. Хоць я і гэта разумею… Але супраць народа і краіны ваяваць пры гэтым нельга. Іх часам заносіць у гэты бок, і тады мы вымушаныя трошкі ссоўваць да цэнтра.

Яны за гэта не павінны на мяне нападаць, яны мне павінны быць удзячныя за тое, што я іх ну зусім ужо ў «адмарожанасць» не накіроўваю. Я не хачу, каб гэтая апазіцыя была пятай калонай ўнутры нашай краіны. Хачу, каб гэтая апазіцыя існавала і была канструктыўнай».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён сам з апазіцыі прыйшоў да ўлады. «Мне часам пра гэта нагадваюць, не трэба нагадваць, я гэта памятаю. Гэта для мяне святое», — працягнуў ён.

Лукашэнка лічыць, што трэба быць бліжэй да праблем людзей, нават калі гэта вельмі складана. 

«Усе рупяцца за народ, пачынаючы ад прэзідэнта і заканчваючы старшынёй сельсавета. Хто супраць народа? Усе за! Але розніца толькі ў тым, хто на справе, а хто проста балбоча. Давайце прабачым іх за гэта. Яны і так ужо пакараныя. І мне здаецца, напэўна, вы пагодзіцеся з маім пунктам гледжання, яны не проста далёкія ад народа, яны набліжацца да яго не хочуць. Я маю на ўвазе, яны і ўлады гэтай не жадаюць».

«Паверце, гэты кавалак, нягледзячы на ўсю пампезнасць улады, у тым ліку прэзідэнцкай, — гэта найцяжэйшы крыж, — сказаў ён. — Напэўна, многія апазіцыянеры (шмат хто быў са мной на першых прэзідэнцкіх выбарах) зразумелі, што гэты хлеб не просты, таму ўзялі на ўзбраенне: змагаемся супраць усяго і ўся, і добрага і дрэннага, не заўважаем добрага. Супраць усяго змагаемся, абы нейкія замежныя фонды чагосьці падкінулі з усіх бакоў».

Лукашэнка рэзюмаваў: «Напэўна, гэта няправільна, але гэта іх выбар».

Фота: sev.life

Фота: sev.life

Пра выбары ў ЗША і жанчын у палітыцы

«Мне здаецца, што грамадства ЗША яшчэ не гатовае абраць жанчыну, нават такую дасведчаную, як Клінтан. І, напэўна, не хутка будзе такая дасведчаная жанчына вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, як яна», — выказаў меркаванне Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што Хілары Клінтан ведае «і адмоўнае, і станоўчае Белага дома». Яна была вялікім чыноўнікам, займаючы пасаду і дзяржсакратара. «І таму я кажу, што не хутка будзе такі кандыдат у прэзідэнты, як Клінтан», — лічыць Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, «яна вельмі падрыхтаваны чалавек, але ўся яе бяда, напэўна, у тым, як я думаю, што грамадства ў ЗША яшчэ не падышло да таго, каб абраць прэзідэнтам жанчыну, дзе вайсковы складнік агромністы». «Ці зможа жанчына кіраваць такім вялікім ваенным патэнцыялам, спецслужбамі, ЦРУ і г.д. — пытанне», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Напэўна, дакладна так, як у Беларусі, — у нас вельмі шмат таленавітых жанчын, але наша грамадства не гатовае абраць жанчыну ў сілу паўнамоцтваў прэзідэнта. Калі б у нас дэкаратыўны быў прэзідэнт — проста сустракае-выпраўляе — мы знайшлі б прыгажуню жанчыну і падтрымалі, абралі прэзідэнтам. Я кажу мы — гэта наша грамадства. Дакладна гэтак і ў ЗША яшчэ не гатовыя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Лукашэнка выказаў меркаванне, што цемнаскурага прэзідэнта амерыканскае грамадства гатовае было выбраць. «Дарэчы, я ведаю пункт гледжання экс-прэзідэнта Буша, які сапраўды таксама сказаў — так, цемнаскурага грамадства гатова абраць, жанчыну — не. Але гэта было амаль 10 гадоў таму. Я гэты пункт гледжання падтрымліваю», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён таксама выразіў меркаванне, што «зыходзячы з той дынамікі, якая адбываецца, Дональд Трамп мае вельмі моцныя пазіцыі цяпер».

«І мне здаецца, зыходзячы ізноў жа з дынамікі прэзідэнцкай гонкі ЗША, ён можа стаць прэзідэнтам. Што я маю на ўвазе? Каля двух месяцаў таму Хілары Клінтан апярэджвала Дональда Трампа дзесьці на 9%. Сёння ён ужо на 3-4% выйшаў наперад, — растлумачыў кіраўнік Беларусі. — Гэта значыць, дынаміка за два месяцы для амерыканскага грамадства ашаламляльная. І з-за пэўных, многіх прычын, і ўнутраных, і знешніх, калі яна захаваецца, то, натуральна, Дональд Трамп пераможа. Гэта чыста мой пункт гледжання».

Пра ежу і спорт

«Калі лішняя вага — адразу пазваночнік, калена (баліць). У мяне два кілаграмы плюс — калена пачынае балець. Калі ты не знаходзіш час для спорту — перастань есці», — і апісаў ідэальную, на яго думку, дыету.

«Раніцай тры яйкі максімум. Кава без цукру. У абед суп — з агародніны, без мяса. Ну, можа маленькі кавалак мяса, каб абавязкі свае мужыка выконваць.

Увечары — тварагу. Усё — можаш не займацца спортам, пахадзі дзе-небудзь вакол дома. Але калі ты хочаш быць нармальным здаровым чалавекам, нармальна харчавацца, арганізм патрабуе большага. Тады трэба заняцца спортам. Вось кажуць: няма часу. Я жалезабетонна дзве гадзіны ў дзень (займаюся). За кошт сну, чаго заўгодна, але трэба знайсці час для таго, каб займацца спортам. Вось мая вам парада: нармальна займацца. Асобнае харчаванне і заняткі спортам — іншага не дадзена — і будзеш здаровым, больш менш нармальна выглядаць. Няма часу — гэта адгаворкі. Час заўсёды знайсці можна — менш спіце».

Пра мову

«Нашай Ніва» запыталася ў Аляксандра Лукашэнкі, калі беларускія чыноўнікі пачнуць размаўляць па-беларуску. 

«Калі беларускія чыноўнікі вывучаць беларускую мову як вы, тады будуць размаўляць на беларускай мове», — пажартаваў кіраўнік дзяржавы.

На прапанову паўплываць на тое, каб яны загаварылі хутчэй, Лукашэнка адказаў так:

«Я ім раю кожны дзень, — адказаў Лукашэнка. — Так у нас склалася, што большасць размаўляе на рускай мове. Не па-расейску, а па-руску, бо з рускімі ў нас адна мова. Якой спадчыны вы адракаецеся? Вы дзядулю Леніна чыталі? Мы чаму вялікую рускую мову пінаем нагамі і бяжым ад яе як ад нейкай страшнай з'явы? Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін у размове неяк сказаў, што мне ўдзячны, што да рускай мовы такое стаўленне, нідзе такога няма. Гэта і наша мова. Мы стагоддзямі ў гэтым катле з расіянамі варыліся, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Мова — гэта жывая з'ява. Яна не стаіць на месцы, а ўвесь час развіваецца. І мы ў гэта развіццё, як і расіяне, унеслі вялікі ўнёсак. У Расеі ж сёння жывуць татары, башкіры, якуты і многія-многія нацыянальнасці, якія маюць свае мовы і іх развіваюць. Калі мне кажуць: «Вось тут залішняя беларускасць». Я кажу: «Ну слухайце, не смяшыце людзей. Мы ж беларусы!» Чым павінна пахнуць? Беларускасцю. Але гэта не значыць, што гэты пах павінен перабіваць штосьці тут рускае, польскае, украінскае, яўрэйскае. Так склалася, што гэтыя людзі жылі ў нас і пакінулі нямала добрага. Усё дрэннае сышло. Засталося лепшае. Дык не трэба гэтага адракацца», — сказаў Лукашэнка.

«Вось калі б мы з вамі яшчэ на іўрыце навучыліся размаўляць, на польскай мове. Што ў гэтым дрэннага? Чаму мы ўсе імкнёмся ведаць англійскую, іспанскую, італьянскую, а вось рускую — не. Чаму? Няўжо нам такая чужая руская мова? Не. Яна не чужая. Гэта не толькі маё меркаванне, а большасці нашага народа. Мы прывыклі за многія дзесяцігоддзі размаўляць на гэтай мове», — канстатаваў кіраўнік краіны.

«Мы свабодна на ёй размаўляем з украінцамі, палякамі, яўрэямі, таджыкамі, узбекамі і г.д. Мы ж не на беларускай мове з імі камунікуем. На рускай. Таму гэта наша. І мы нікому гэта разам з рускім народам, расіянамі, не аддамо. Гэта наша дасягненне. І калі мы яшчэ тут, у моўным пытанні падзелімся — труба. Гэта будзе першы крок да дрэнных наступстваў не толькі паміж Беларуссю і Расіяй, але і іншымі народамі, якія валодаюць рускай мовай», — мяркуе Лукашэнка.

***

Пасля таго, як кіраўнік краіны з'ехаў з выбарчага ўчастка, калідоры моцна апусцелі. Зніклі людзі ў цывільным, камісія заўважна расслабілася. Выбаршчыкаў больш не стала, нават нягледзячы на тое, што ля ўніверсітэта ўключылі гучную музыку. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?