Кампанія «За справядлівыя выбары 2016» правяла ацэнку агульнага палітычнага клімату ў краіне напярэдадні выбараў, прааналізавала дзейснае выбарчае заканадаўства Беларусі і правяла маніторынг усіх этапаў кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. І на падставе гэтага называе сем прычын, па якіх выбары-2016 нельга назваць сапраўднымі.

Назіранне было арганізавана на 811 участках. За выбарамі сачылі больш за 1300 назіральнікаў, адзначыў сустаршыня кампаніі Віктар Карняенка.
1. У краіне няма базавых умоў функцыянавання палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і судовай сістэм, якія маглі б дазволіць правесці ў Беларусі свабодныя і справядлівыя выбары.
2. Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, не выкананая ніводная з рэкамендацый АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Унесеныя змяненні не стварылі рэальных гарантый для таго, каб выбары прайшлі ў раўнапраўнай канкурэнтнай барацьбе, і пераможцы вызначаліся ў дакладнай адпаведнасці з тым, як прагаласавалі выбаршчыкі.
Напярэдадні асноўнага дня галасавання, 10 верасня, ЦВК прыняў Пастанову №57, якая абмежавала права давераных асобаў кандыдата назіраць на ўчастках для галасавання і на паседжаннях выбарчых камісій. Гэта беспрэцэдэнтнае Пастанаўленне змяніла правілы назірання ўжо падчас галасавання.
3. У дзейнасці мясцовых органаў улады па фармаванні складу выбарчых камісій не было празрыстасці і аб’ектыўнасці.
«Гэта поўная прафанацыя і фармалізм. Фактычна, ніякага абмеркавання не было. Праводзілі фармальнае сумоўе, якое доўжылася ад адной да трох хвілін. І на гэтым усё. Але птушачка была пастаўленая», — каментуе нацыянальны каардынатар кампаніі Валер Ухналёў.
Прадстаўнікоў, вылучаных апазіцыйнымі палітычнымі партыямі, дыскрымінавалі.
Колькасць дапушчаных у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі скарацілася нават у параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года і склала 0,12% ад агульнай колькасці сябраў камісій.
Значная частка ўчастковых выбарчых камісій у парушэнне патрабаванняў закона была сфармаваная пераважна з сябраў аднаго працоўнага калектыву.
«Прыклад — вілейскі ўчастак №11 Вілейскай выбарчай акругі, дзе ўсе 19 сябраў камісіі працуюць у вілейскай гімназіі №1. А дырэктар гэтай гімназіі з'яўляўся кандыдатам у дэпутаты», — адзначыў Ухналёў.
4. Агітацыйны перыяд выбарчай кампаніі праходзіў ва ўмовах палітычнай цэнзуры. Дзяржаўныя газеты адмаўляліся публікаваць праграмы асобных кандыдатаў апанентаў улады, не давалі выйсці ў эфір.
Здаралася, што невядомыя проста нападалі на агітацыйныя пікеты незалежных ад улады кандыдатаў, а праваахоўныя органы не прымалі ніякіх мераў.
5. Падчас датэрміновага галасавання зафіксавана шмат фактаў перавышэння колькасці галасоў выбаршчыкаў. На асобных участках — у два разы.
6. У інтэрнатах, вайсковых частках, навучальных установах і працоўных калектывах былі выпадкі стымулявання і прымусу.
«Датэрміновае галасаванне паказала, што ва ўсю прымяняецца адміністратыўны рэсурс і прымус. Той жа ўчастак №549, калі за першы ж дзень, дзякуючы студэнтам БНТУ, яўка скалала 76%. Тое самае ў Светлагорску, Пінску і многіх іншых гарадах», — распавёў Валер Ухналёў.
У асноўны дзень галасавання таксама зафіксаваныя шматлікія факты завышэння выбарчымі камісіямі яўкі выбаршчыкаў.
У выніку па дадзеных выніковых пратаколаў участковых камісій сярэдняя яўка па краіне на ўчастках, дзе вялося назіранне, склала 62,1%. Па дадзеных назіральнікаў — 51,2%.
7. Не адбылося пазітыўных зменаў і ў падліку галасоў.
На 44,2% выбарчых участкаў праігнаравалі патрабаванне выбарчага заканадаўства аб падліку галасоў і абвяшчэнні вынікаў падліку асобна па датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў і галасаванні на выбарчым участку ў асноўны дзень выбараў.
«Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў можна адзначыць, як новы момант гэтай выбарчай кампаніі, — зазначыў Ухналёў. — Вельмі вялікія лічбы ў асобных камісіях, якія такім чынам вырашалі праблемы яўкі: 44%, 42%, 30%. У Магілёве на адным з участкаў зафіксавана, што на даму прагаласавала больш за 1000 чалавек, калі там усяго каля 1800 выбаршчыкаў».
Агулам на 82,7% выбарчых участкаў працэс падліку галасоў і вызначэння вынікаў выбараў апынуўся непразрыстым не толькі для назіральнікаў, але і для саміх сябраў выбарчых камісій.
«Я прывяду два прыклады, калі нашы назіральнікі бачылі вынікі. На ўчастку №549 назіральніку сапраўды паказалі ўсе бюлетэні. Аднак там датэрмінова прагаласавала 90%, а ў асноўны дзень — дзевяць выбаршчыкаў. Таму бюлетэні там раскладвалі, паказвалі і лічылі так, як ёсць. Натуральна, з вялікім адрывам там перамог праўладны кандыдат», — распавядае Валер Ухналёў.
А ў другім выпадку на ўчастку №96 у Мінску, дзе назіральніку кампаніі «За справядлівыя выбары» таксама паказалі ўсе бюлетэні, лічбы яго і камісіі моцна разышліся. І старшыня ўчастковай камісіі вырашыў, што назіральнік проста памыліўся.
Каментары