«Злом савецкай школьнай сыстэмы пачнецца ўжо 1‑га верасьня 2008 году» . Гэтая бадзёрая фраза журналісткі ў анонсе нядзельнай праграмы АНТ «Контуры» прагучала ў эфіры столькі разоў, што сапраўды можна было паверыць — нейкі злом абавязкова адбудзецца.

Бацькі за дзяцей не адказваюць

Але ж і пытаньняў узьнікае шмат. Чаму толькі цяпер, празь 17 гадоў пасьля краху Савецкага Саюзу, вырашана адмовіцца ад савецкай сыстэмы ў беларускай школе? І на чым будуць палягаць тыя зьмены? На тым, што фармальна будзе ўведзеная пяцідзёнка, а насамрэч, на шосты дзень, па суботах, дзеці ўсё адно будуць хадзіць у школу — на абавязковыя фізру і палітзаняткі?

Дык гэта ж ужо было. Прычым тут рэформа? А можа, яна палягае на тым, што гісторыя Беларусі ў школе больш ня будзе самастойным прадметам, а будзе вывучацца толькі ў рамках Усясьветнай гісторыі? Такога, сапраўды, не было нават за савецкім часам. (Тады выкладалася гісторыя БССР). Наконт выкладаньня мовы й літаратуры пытаньняў даўно нават не ўзьнікае.

А можа, сутнасьць зьменаў зводзіцца да таго, што кожнага празьмерна актыўнага, з гледзішча настаўнікаў, вучня можна будзе выкінуць са школы, ня даўшы яму здаць экзамэн — як гэта здарылася з Іванам Шылам?

Дык дзеля гэтага ня трэба было распрацоўваць новыя праграмы ды «мэтадычкі». Дастаткова загадаў (хай сабе вусных), спушчаных зьверху. А, настаўнікаў, пазбаўленых сумленьня, хопіць.

Гэта ўсё былі рытарычныя пытаньні. А ёсьць жа яшчэ і чыста практычныя. Напрыклад — што будзе са школьнікамі, якія навучаліся паводле 12‑гадовай праграмы і якія сёлета скончылі 10 клясаў? Яны, відаць, цяпер мусяць за год прайсьці праграму двух гадоў. Менавіта «прайсьці», бо словы «засвоіць веды» тут яўна не падыходзяць. Хіба толькі ўзровень гэтых ведаў будзе паніжаны да ўзроўню сярэдніх клясаў.

Кажуць, што ня будзе хутка ні ліцэяў, ні гімназіяў. Адукацыя будзе сапраўды сярэдняй, але за тое — ўсеагульнай, аднолькавай і роўнай для сельскай школы і для гарадзкой. Трыюмф сацыяльнай роўнасьці. Такая задача — сьцерці мяжу паміж горадам і вёскай, была пазначана, між іншым, у падручніках грамадазнаўства і навуковага камунізму. Ці не прыйшоў час увесьці зноў ўсеагульны курс навуковага камунізму як апошняй і вышэйшай стадыі злому савецкай адукацыйнай сыстэмы?

Насамрэч, не да іроніі. Няма сэнсу задавацца рытарычнымі пытаньнямі, пералічанымі вышэй. Бо настане 1‑га верасьня, і шчасьлівыя першаклясьнікі, а разам зь імі — шчасьлівыя бацькі пойдуць у школу з кветкамі ды рознымі іншымі сьвяточнымі атрыбутамі. Якія б рэформы ні праводзіліся ў школах ды інстытутах — бацькі гатовыя іх прыняць. А куды падзецца? Дзякуй за шчасьлівае дзяцінства нашых дзяцей. Такое самае, як было ў нас за савецкім часам. А самыя таленавітыя — дзеткі дзяржаўных чыноўнікаў і журналістаў, паедуць вучыцца за мяжу, у Эўразьвяз. Ня ўсе ж чыноўнікі патрапілі ў сьпіс неўязных. Ды й дзеці, як вядома, за бацькоў не адказваюць.

Як важна быць культурным

Кожны, напэўна, у сваім жыцьці сутыкаўся на працы альбо ў адпачынку з пэўнага гатунку людзьмі. Яны запаўняюць сабой і сваім існаваньнем усё наўкола. Прадметы іх адзеньня, цыгарэты (альбо цыгарэтны попел), недаедзеныя імі бутэрброды, нядопіткі, асадкі, паперы ляжаць на ўсіх крэслах і сталах (калі гэта офіс). Яны займаюць увесь ваш час размовамі пра сябе, сваімі праблемамі і просьбамі да глыбокай ночы (калі гэта, скажам, нумар у гатэлі). Прычым вы павінны займацца ягонымі праблемамі, як сваімі, неадкладна і без разважаньняў. Ён будзе паразытаваць на вас і вашым часе, пакуль (і калі) вы ня скажаце яму: досыць. Ці ня сыдзеце куды‑небудзь.

Гэта мадэль паводзінаў дзяржавы. Прычым ня толькі таталітарнай. Любая дзяржава будзе агрэсіўна працягваць працэс экспансіі ў прасторы й часе, паразытаваць на вас, сілкавацца вашымі сокамі і здольнасьцямі, завалодваць вашым вольным часам бясконца. Проста ў дэмакратычнай дзяржаве вы можаце паслаць усе ўстановы разам з іх правіламі распарадку й параграфамі да д’ябла і стаць, скажам, гіпі. Альбо антыглябалістам. У таталітарнай — у лепшым выпадку, можна стаць бомжам.

Ніводная сыстэма, дарэчы, не рабілася адразу таталітарнай. І нават дыктатуры ня ўсе адразу станавіліся сьвірэпымі. Выключэньні, хіба, былі ў старажытным Рыме, дзе чарговы ўладар мог урачыста абвясьціць сябе дыктатарам. Ці падпаліць адвечны горад проста дзеля забавы, як гэта зрабіў Нэрон.

Нават Іван Жахлівы не адразу ўвёў апрычніну. Гітлер прыйшоў да ўлады ў 1933‑м, а першыя лягеры сьмерці былі створаныя толькі праз восем гадоў. Сталін ішоў да працэсаў 1937‑га і «асобых троек» удвая даўжэй. Паміж абвяшчэньнем КНР і «культурнай рэвалюцыяй» Мао прайшло дваццаць гадоў. А Чаўшэску, кажуць, на пачатку свайго праўленьня, увогуле быў досыць прыемны чалавек. Уся справа, як кажуць, у звычцы, ва ўменьні прыцярпецца. Усё ў сьвеце сканчаецца — казала ліса, зь якой зьдзіралі скуру.

На пачатку ХХІ стагодзьдзя абвяшчаць сябе дыктатарам лічыцца некультурным. Дый масавыя рэпрэсіі становяцца непатрэбнымі. Іх замянілі масавыя камунікацыі. «Чынгізхан з тэлеграфам» яшчэ мала адрозьніваўся ад свайго сярэднявечнага папярэдніка. А вось Чынгізхан з ракетамі, трубаправодамі і тэлевізіяй — гэта ўжо зусім іншы Чынгізхан. Яго прымаюць (як некалі Чаўшэску) у лепшых дамах Лёндану й Парыжу. Ня кажучы пра Бэрлін.

25‑ ы кадр

Сутнасьць мэханізму тэлевізіі ня ў тым, што яно замбіруе насельніцтва празь мітычны 25‑ы кадр, нібыта, закладаючы нейкі код у падсьвядомасьць, як у выпадку з алькаголікамі. А ў тым, што яна замяняе сабой рэальнасьць. Яна і ёсьць адзінай рэальнасьцю ў грамадзтве, дзе адсутнічае нармальная, шматступенная сыстэма адукацыі, сыстэма сацыяльнага прасоўваньня і кар’ернага росту, якія павінны залежыць не ад поглядаў, рэлігійных перакананьняў і асабістых сувязяў, а толькі ад асабістых здольнасьцяў і ведаў. Гледзячы праграму «Панарама», дзе паказваюць звычайных людзей, якіх затрымалі каля пасольства ЗША толькі таму, што яны там апынуліся і забралі ў іх грошы толькі на той падставе, што грошы ў іх былі пры сабе, глядач паціскае плячыма. Ён і без таго ведаў, што ў краіне пануе «беспрадзел», а калі яму яшчэ раз паказалі прыклад — значыць, так і мае быць. Калі нешта паказваюць па БТ, значыць, гэта некаму трэба. Значыць, усё ў парадку, нічога не зьмянілася. Трэба паводзіць сябе, як і раней. Нікому не паказваць сваіх сувязяў з замежнікамі. Калі і атрымліваць гранты, нават на законных падставах, дык глыбока таемна ад дзяржавы. І канечне ж, не на мэдыйныя праекты, якія так раздражняюць улады.

Можна абурацца камунальнымі службамі, даішнікамі, якія ловяць злачынцаў з дапамогай вашых аўтамашынаў, дзе вы самі сядзеце за рулём, а вашы дзеці — ў салёне, сыстэмай пабораў у школах і ВНУ. Але паколькі гэтага не паказваюць на БТ, значыць — гэтага няма. Экран вельмі зручны ня толькі палітінфарматар, але ж і навігатар па жыцьці.

Усё, што паказваюць — можна. Можна гуляць у супэрлято і выйграваць дарагія кватэры і шыкоўныя заходнія аўтамабілі (чамусьці іранскага «Саманду» сярод прызоў няма). Можна верыць у астралёгію, прывідаў і сканчэньне сьвету. Можна распавядаць пахабныя анэкдоты і галасаваць на «Эўравізіі» за Дзіму Білана. Канечне, калі вам кажуць, што трэба рабіць інвэстыцыі ў Беларусі, альбо будаваць аграгарадкі — вы, калі ў вас нават ёсьць грошы, не абавязкова адразу кінецеся гэта рабіць. Але вы будзеце мець на ўвазе галоўнае — ўсё ста‑біль‑на. Таму можна займацца чым заўгодна, толькі не раздражняць начальства.

Тэлевізія — вялікі дзякуй ёй за гэта — паказвае нам ня тое, што мы хацелі б бачыць. (Гэта можна знайсьці ў інтэрнэце). Яно паказвае нам тое, чым мы ёсьць на самой справе. Можа, некаму хочацца паглядзець фільм Вайды або паслухаць опэру Шнітке «Жыцьцё з ідыётам», ці мала што яшчэ. Можа, нехта ўявіў ужо сябе буйным навукоўцам, палітыкам, мастаком, альбо таленавітым паэтам. Зірнуў на экран — і ўсё як рукой зьняло.

Як у савецкім анэкдоце:…а вы, шаноўны слухач Іваноў, не прыкідвайцеся разумнікам — слухайце песьню «Валенки».

На экране БТ нам, зразумела, не пакажуць Івана Шылу, як і Зьмітра Жалезьнічэнку. Ці Казуліна. Ці Мілінкевіча. І арт‑шпакоўні з выставы Алеся Пушкіна не пакажуць. І гэтая «фігура змоўчваньня» таксама падкажа гледачу, што трэба рабіць і чаго ня трэба. Ня трэба шкадаваць Івана са Зьмітром, тым больш заступацца за іх. Якая вам справа да нетыповых прадстаўнікоў беларускага грамадзтва, гэтых маргіналаў, да «адмарожанай апазыцыі»? Трэба зарабляць сваю капейчыну, укладаць грошы ў патрыманыя аўтамабілі ды слухаць песьню «Валенки».

На шосты дзень стварэньня, як сказана ў Бібліі, Усявышні стварыў чалавека. А на 7‑ы дзень пайшоў адпачываць і больш у чалавечую гісторыю ня ўмешваўся. 7‑м днём за біблейскім часам лічылася субота. У хрысьціянскіх краінах днём адпачынку стала нядзеля. Цікава, што ў ЗША адлік новага тыдня часьцяком вядзецца не ад панядзелка, але ад нядзелі. Можа, таму сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў пераважная большасьць амэрыканцаў? Яны проста скасавалі «цяжкі дзень» — панядзелак. У публічных школах ЗША дзеці ў суботу ня вучацца. А хай‑скул (сярэднюю школу) там сканчаюць пасьля 18 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?