Думаю, мала хто будзе спрачацца, што з'яўленне Алены Анісім і Ганны Канапацкай у беларускім парламенце — сімптом таго, наколькі сур'ёзныя палітычныя і эканамічныя праблемы паўсталі для ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

І гэта праблема не толькі таго, што трэба прадэманстраваць хоць мінімальную прысутнасць крытыкаў улады ў парламенце і вонкавую сумленнасць падліку галасоў заходнім назіральнікам, каб потым прэтэндаваць на замежныя крэдыты. Уладзе мог спатрэбіцца голас нацыянальна-арыентаваных дэпутатаў, каб паспрабаваць «выбіць» саступкі ў Маскве, а таксама свайму насельніцтву паказаць, што ідэі беларускай незалежнасці і культурнай асаблівасці маюць права на голас у беларускім істэблішменце.

Папрокі ў бок дзвюх будучых дэпутатак пачаліся амаль адначасова з абвяшчэннем вынікаў «выбараў». Іх ужо заклікаюць здаць мандаты, каб не «легітымізаваць палатку», каб не даць існуючым уладам больш аргументаў у размове з тым жа Захадам. Аднак згадаем гістарычны досвед беларускага нацыянальнага руху, да якога адносяць сябе многія з радыкальных крытыкаў і прыхільнікаў байкоту.

У Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы, у БССР пад уладай камуністаў, у Генеральнай акрузе Беларусь пад уладай нацыстаў рэгулярна адбываліся псеўдадэмакратычныя працэдуры, якія па розных прычынах нельга было назваць па-сапраўднаму сумленнымі.

Аднак прадстаўнікі беларускага руху пры любой уладзе разумелі патрэбу мець свой голас, каб выказвацца на карысць беларушчыны — нават калі разумелі, што могуць не дажыць да лепшых часоў.

Цяпер мы жывём не ў брэжнеўскім СССР, а ў незалежнай (пры ўсіх хібах палітыкі існуючай улады) Беларусі — усім, хто кажа пра «ўнутраную акупацыю», раю сфармуляваць адказ на пытанне, чаму ж яны не пайшлі ў партызаны. Аднак задоўга да перабудовы — у брэжнеўскім, андропаўскім, чарненкаўскім СССР — Васіль Быкаў, які для многіх беларускіх патрыётаў ёсць адным з арыенціраў сумлення, рабіўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Значыць, ён быў гатовы пайсці на кампраміс дзеля нейкай вышэйшай мэты.

Гэтая вышэйшая мэта для беларускага патрыёта — абарона беларускай незалежнасці, культуры, мовы. Калі два дэпутаты ў «палатцы» стануць галасамі, якія легітымізуюць гэтыя пытанні ў дзяржаўных СМІ, зробяць іх нармальнымі пунктамі ў павестцы дня структур цэнтральнай і мясцовай улады — іх удзел у тым, што афіцыйна называецца выбарамі, будзе цалкам апраўданы.

«Чым горш, тым лепш» — ад гэтага прынцыпу варта адмовіцца назаўсёды. Асабліва ў сітуацыі, калі любыя палітычныя і эканамічныя праблемы ў краіне выкарыстоўваюцца ў тым ліку для кампаніі прапаганды супраць самой ідэі беларускай незалежнай дзяржаўнасці.

Што да легітымнасці, у пані Алены Анісім і Ганны Канапацкай ёсць некалькі год, каб утрымаць ці заваяваць прыхільнасць тых выбаршчыкаў, якія на гэтых выбарах за іх не прагаласавалі, давесці жыхарам выбарчых акругаў сваё права прадстаўляць іх інтарэсы.

Мы не ведаем, на колькі год, а можа, і дзесяцігоддзяў яшчэ захаваецца існуючая сістэма ўлады. Але вайна за беларускую мову, культуру, ідэю незалежнасці пачалася не пры нашым жыцці і, можа, закончыцца не пры нас. Таму якой б ні была ўлада, на карысць Беларусі на ўсіх узроўнях павінны працаваць (і слова працаваць тут не значыць «проста атрымліваць заробак») беларускія патрыёты — гэта добра разумелі беларускія нацыяналісты ў 20 стагоддзі, гэта варта разумець і ў 21-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?