Пяціборац Аляксандр Лясун — яркі прыклад таго, як у нас могуць празяваць моцнага спартсмена. Восем гадоў таму ён паказваў добрыя вынікі сярод юніёраў, але ў зборнай Беларусі аказаўся нікому не патрэбны. Затое спатрэбіўся ў Расіі. Стаў чатырохразовым чэмпіёнам свету, а ў гэтым годзе атрымаў золата на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра. Нягледзячы на расійскі пашпарт, Лясун часта бывае ў Мінску. Падчас чарговай пабыўкі Тарас Шчыры сустрэўся з чэмпіёнам і пагаварыў пра патрыятызм, начныя клубы і палёт у космас.

«Хлопец, ты трапіў пад канвеер»

— Пра алімпійскае золата марылі з дзяцінства?

— Не. Калі быў маленькім, хацеў стаць касманаўтам, лётчыкам. Пазней марыў выйграць чэмпіянат свету. Пра Алімпіяду задумаўся гадоў восем таму. Я ў пяцібор'е прыйшоў у 15. Да гэтага, як і многія пяціборцы, займаўся плаваннем. У нейкі час я страшэнна стаміўся ад яго, пачаў прапускаць трэніроўкі. Трэба было завязваць са спортам або шукаць нешта іншае. Так я і апынуўся ў Анатоля Ткачэнкі, які набіраў маладых хлопцаў для пяціборства.

У мяне адразу ўсё пачало атрымлівацца, і я зразумеў, што гэта — маё. Мне падабаецца пяціборства тым, што няма псіхалагічнай стомленасці. Я фехтую, скачу на кані ў прыгожым кіцелі, у гальштуку, у белых пальчатках. Ад усяго гэтага вее нават нейкай шляхетнасцю. Усё глядзіцца вельмі прыгожа, элегантна. І тут жа, пасля коней, спартсмен здымае кіцель, надзявае майку і бяжыць далей. Гледачам вельмі падабаецца. Яны пляскаюць у далоні ад здзіўлення.

— У другой палове «нулявых» у беларускім пяцібор'і хапала скандалаў. Моцна крытыкавалі працу галоўнага трэнера Валянціна Рогава. Сітуацыя рэальна была крытычнай?

— Давайце паглядзім на факты. На Гульнях у Сіднэі Павел Доўгаль заваяваў «бронзу». На наступныя дзве Алімпіяды ад Беларусі ў пяцібор'і адбіраліся па чатыры чалавекі. Зараз — адзін. На падставе гэтых лічбаў можна зрабіць высновы. А вось эмацыйны фон быў не самым лепшым. Да Валянціна Рогава ў мяне было нейтральнае стаўленне. Я ўвогуле дрэнна яго ведаў. Памятаю, што зборы праводзіліся, мы гулялі разам з ім у валейбол… Нічога дрэннага ці добрага аб Рогавым сказаць не магу.

— Вы самі казалі, што вас са зборнай выгналі.

— Я трэніраваўся у Ткачэнкі, які фактычна працаваў з усёй нацыянальнай камандай. А ў Рогава быў адзін вучань — Дзіма Мелех, і я, малады, яго са зборнай выбіваў. Натуральна, трэнер гэтага не хацеў. Я яму быў непрыемны. Не праз тое, што я Лясун. А таму што я чалавек Ткачэнкі, які сваімі спартоўцамі заняў ўсе месцы ў зборнай. Потым мяне пачалі абследаваць медыкі і паставілі дыягназ, які забараняў займацца спортам у нашай краіне.

— Што за дыягназ?

— Сардэчная анамалія. Канкрэтызаваць не буду. У Еўропе з гэтым можна было выступаць, але толькі не ў Беларусі. З-за дыягназу мяне было вельмі зручна спісаць. Людзі проста не думалі, што яшчэ дзесьці вылезу, а я выбраўся. Афіцэр Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва мне пазней сказала: «Саша, я рада, што мы цябе не пакінулі. Ты б не стаў тым, кім з'яўляешся». І я з ёй цалкам згодны.

Першы час па-за спортам было вельмі цяжка. Хапала жадання рэалізаваць сябе ў пяцібор'і, юнацкага максімалізму. Праўда, мае старэйшыя знаёмыя неяк селі перада мной і сказалі: «Хлопец, ты трапіў пад канвеер». Праблема, маўляў, не ў табе, а ў сістэме. А супраць сістэмы нельга ісці. Проста так атрымалася… Мазгамі тады разумеў, што, магчыма, прыйдзецца скончыць з кар'ерай. Але дзякуючы сям'і, бацькам выбраўся з гэтай сітуацыі. Нават не ведаю, як гэта адбылося. Год правазіўся па-за спортам. Працаваў у кампаніі па чыстцы дываноў, аўтамабіляў. Мне гэта было не цікава. Працу можна было знайсці іншую, але я ўсвядоміў, што хачу быць толькі спартсменам, зарабляць спортам на жыццё. Расію для пераезду, дарэчы, разглядаў у самы апошні момант. Хацеў паехаць у Чэхію, Літву, але толькі не ў Расею. Разумеў, што там сур'ёзная канкурэнцыя, будуць і іншыя праблемы. Я не хацеў цяжкасцяў. Але лёс так склаўся, што праз іх давялося прайсці.

— Дык чаму вы не паехалі ў Чэхію?

— Не было канкрэтнай прапановы.

— А з Расеі яна паступіла?

— Справа была вось як. Адзін з маіх таварышаў прапанаваў маю кандыдатуру трэнеру Аляксею Хапланаву. Ён пагадзіўся мяне праглядзець. Прыехаў на медабследаванне, мне далі заключэнне і сказалі, каб праз месяц прыязджаў зноў. Так усё і пачалося.

— І расейцаў не збянтэжыла, што вы год не займаліся спортам?

— Не. Мяне запрашалі проста паспрабаваць сябе. Да ўсяго іншага я досыць нядрэнна фехтаваў. А рускім было выгадна, каб у зборнай з'явіўся яшчэ адзін чалавек, які можа паспяхова канкурыраваць у фехтаванні. Канкурэнцыя ў зборнай Расеі была вельмі сур'ёзнай. Хапала тытулаваных спартсменаў. Мне, маладому, пастаянна даводзілася даказваць. Але ўсё атрымалася досыць лёгка. Нават не ведаю, з чым гэта звязана. Літаральна праз паўгода мае вынікі пайшлі ўверх.

— Як прайшлі гэтыя сем гадоў? Ваша сям'я ўвесь час у Менску, вы — у Расіі.

— У мяне ў Маскве ёсць пастаяннае жыллё. Дзякуй Богу, Вячаслаў Амінаў, кіраўнік Федэрацыі сучаснага пяціборства Расіі, набыў мне кватэру. А раней даводзілася жыць у доміку на базе. У плане жыцця зараз усё стала дастаткова проста. Я наведваю дачку і жонку ў Мінску, а яны мяне — у Расіі. Але на пастаяннае месца жыхарства перавозіць родных у Маскву я не хачу. У Мінску працуюць цудоўныя дзіцячыя сады, можна атрымаць выдатную адукацыю. З карупцыяй усё ідзе нашмат лепш, чым у Маскве. Так што пакуль будзем, як жабка-падарожніца, перамяшчацца туды-сюды.

— Назад вас не хацелі вярнуць?

— Хацелі. Мікалай Іванчанка, кіраўнік Беларускай федэрацыі пяціборства, выходзіў на сувязь з такой прапановай. Але, па-першае, усё ўперлася ў пытанне цаны і якасці. Яго не было. А па-другое, у Мінску няма базы, якая адпавядала б усім патрабаванням. Так, па фехтаванні, плаванні, бегу ўмовы былі нядрэннымі. Але каб трэніраваць канкур, нам даводзілася ездзіць у Ратамку. А гэта цяжка. У Маскве мне трэба прайсці дзве хвіліны — і я ўжо на кані, яшчэ дзве хвіліны — і я ў басейне… Вось гэта і ёсць сапраўдная база пяціборства. Хоць умовы для спорту ў Беларусі ў цэлым добрыя. І каб не здарылася са мной той сітуацыі, я нікуды б не паехаў.

— З пункту гледжання патрыятызму ваш пераезд у Расію многія ўспрынялі негатыўна.

— Я чытаў тое, што пішуць у інтэрнэце. І мне крыху крыўдна з-за некаторых каментароў. Бо той, хто ведае маю гісторыю, не скажа, што я пагнаўся за доўгім рублём. Калі не валодаеш інфармацыяй, не пішы, а для пачатку вывучы пытанне. Мне проста трэба было выступаць на спаборніцтвах, трэніравацца.

Я моцна люблю Беларусь. Хачу сюды вяртацца, адпачываць, марнаваць грошы. Мне гэта вельмі падабаецца. Але на дадзены момант працаваць больш падабаецца ў Маскве. Што тычыцца патрыятызму, у Беларусі квяцістая ідэалогія.

— Чым яна вам так блізкая?

— Тым, што ў нас вучаць любіць радзіму, зямлю, суседа, кожнага чалавека. І для мяне было вельмі прыемна, што на адкрыцці Паралімпіяды беларус ішоў з расійскім сцягам. Такім чынам людзі выказалі грамадскасці сваё меркаванне па пытанні адхілення расійскіх паралімпійцаў. І велізарны паклон таму, хто гэта зрабіў. Я гутарыў пра гэта з сябрамі з Расіі. Яны вельмі рады, што ёсць братэрскі народ, які можа падтрымаць на міжнароднай арэне.

— Ці лічыце, што беларусы вельмі падобныя да рускіх?

— Так, паміж намі шмат агульнага. Праўда, мы ўсё ж такі бліжэй да Еўропы, чым расейцы. Тыя ж масквічы — асобная гісторыя. Яны вельмі адрозніваюцца ад іншых жыхароў Расіі. Тут рытм жыцця іншы, людзі больш агрэсіўныя. Не такія, як у Піцеры, Самары. Мне раней было цяжка прывыкнуць да маскоўскага рытму. У Беларусі ўсё спакойна, размерана. Але потым я да Масквы прывык. Мне стала добра.

— Вашу сяброўку па зборнай Расіі Данату Рымшайтэ, ураджэнку Літвы, на радзіме лічаць здрадніцай.

— З-за гэтага ў Літве ў яе сапраўды вялікія праблемы. Абывацель лічыць яе здрадніцай, а спартсмен бачыць сітуацыю інакш. У Літве няма базы, у пяцібор'е не ўкладаюць грошы, няма папулярызацыі гэтага віду спорту. Пра што ў такім выпадку можна казаць? Чалавек хоча працаваць у добрых умовах.

«Глядзеў на супернікаў і разумеў, што хлопчыкі трасуцца»

— Напэўна, перад Рыа разумелі, што для алімпійскага медаля ўжо даўно паспелі.

— А навошта хітраваць? Я ляцеў у Рыа выключна па медаль. Ехаў па яго і чатыры гады таму, але з-за стрэсу не здолеў заваяваць. Цяпер усё было па-іншаму. Мне, дарэчы, дзесьці нават супернікі дапамаглі. Не справіліся са сваім хваляваннем. Я на іх глядзеў і разумеў, што хлопчыкі трасуцца. Адчуваў, як яны мяне баяцца. Асабліва гэта адчуў на фехтавальным турніры. Калоў іх, як дзяцей, і сыходзіў. Там дуэль доўжыцца да аднаго ўколу. У выніку выйграў 28 фехтавальных сустрэч з 35 (новы алімпійскі рэкорд — Аўт.).

— Допінгавы скандал вас абышоў бокам?

— Вядома. На шчасце, маё прозвішча нідзе не згадвалася. Але ў гэтым пытанні ёсць рэчы, якія мне незразумелыя. Я, да прыкладу, не разумею Фэлпса. Як ён мог асуджаць нашу плыўчыху Юлію Яфімаву? Ты ж сам трапляўся на забароненых рэчывах! Спартсмен не павінен так сябе паводзіць. Гэта бязглуздзіца, вядома. Што тычыцца негатыўнага настрою ў дачыненні да расійскіх спартоўцаў, я яго не адчуў. Многія разумеюць, што гэта ўсё палітычныя гульні. І ніхто на нас не ціснуў. Так, праблема з ужываннем допінгу сапраўды ёсць. Але я не думаю, што Расея з'яўляецца лідарам у спісе станоўчых пробаў.

— Уладзіміру Пуціну вас ужо прадставілі?

— Так. Алімпійскія прызёры і пераможцы былі ў яго на прыёме ў Крамлі пасля вяртання з Рыа. Мне ўручылі ордэн Дружбы. Нас частавалі крэветкамі, рознакалібернай ікрой, баранінай, ялавічынай… Мне ўдалося крыху пагаварыць з Пуціным. Ён цікавіўся, як у мяне атрымліваецца так доўга выступаць на высокім узроўні. Задаваў шмат пытанняў. Мне падалося, што Уладзімір Уладзіміравіч у тэме. Думаю, ён рэальна разбіраецца ў спорце, разумее яго.

 «Ад БАТЭ я балдзею»

— Вы нядаўна рэзка выказаліся пра футбалістаў. Чым яны вам так не дагадзілі?

— Чаму не дагадзілі? Проста я не разумею, як можна плаціць у Расіі мільёны чалавеку, які з сямі метраў не можа трапіць у створ варот. Мяне гэта здзіўляе. І гэта балючае пытанне. Мне здаецца, калі б так займаліся ў любым іншым відзе спорту, то ніякіх медалёў не было б наогул.

— А БАТЭ ў вас выклікае эмоцыі?

— Я ж сам з Барысава! Часам нават наведваю хатнія матчы каманды. Дык вось, у БАТЭ ёсць прага барацьбы, упартасць, цярпенне. Так, у многіх тэхнічных якасцях барысаўчане саступалі «Ювентусу», «Баварыі», «Валенсіі», але за кошт характару футбалісты бралі сваё. За гэта я іх люблю, балдзею ад іх. Для мяне гульцы гэтай каманды — спартсмены з вялікай літары.

— Дарэчы, пра грошы. Колькі зарабляюць пяціборцы?

— Я думаю, што ў плане фінансаў пяціборства знаходзіцца дзесьці ўсярэдзіне ўсіх алімпійскіх відаў. Мы атрымліваем нашмат менш, чым футбалісты або хакеісты. На дадзены момант я зарабляю 2,5—3 тысячы даляраў. Калі жыў у Беларусі, атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю — 720 тысяч рублёў на месяц. Мне тых грошай хапала. Нейкіх патрэб у мяне не было. Натуральна, шампанскае за 50 тысяч даляраў я не мог сабе дазволіць, але дапамагаў бацькам, мог спакойна зайсці куды-небудзь павячэраць, адпачыць на выходных.

— Моцна пілі?

— Так, на выходных хадзілі на дыскатэкі. Выпівалі. А з кім такога па маладосці не бывае? Наведваў тады ўсе самыя топавыя начныя клубы Мінска: «Юлу», «Ізюм» … «Авертайм» тады толькі адкрыўся і быў моладзевай установай. У запой я ніколі не сыходзіў. Але кантраляваў сябе не заўсёды.

Калі ты напіўся, то заўтра бегчы ўжо не зможаш. Гэта элементарна. Арганізм працуе як гадзіннік. І любое лішняе ўліванне на карысць не пойдзе. У такім стане ты не зможаш працаваць у звычайным рэжыме. А гэта напружвае. Ты ж прывык, каб арганізм працаваў, як гадзіннік.

— Зараз, стаўшы алімпійскім чэмпіёнам, можаце сабе дазволіць усё, што пажадаеце?

— Кватэра ёсць, машына — таксама. У мяне BMW 4. Збіраў на яе грошы некалькі гадоў. BMW X6, які мне падарылі пасля Алімпіяды, я проста не змагу ўтрымліваць. Дарагое вельмі. І, напэўна, я яго прадам. Але грошы ёсць, і я не прачынаюся ў Маскве кожную раніцу з думкай, як мне іх зарабіць. У жонкі, дарэчы, з'явіўся свой бізнэс. Здае ў арэнду лазню, якая плавае на плыце. Але пра гэта лепш з ёй пагаварыць.

— Чаго тады не хапае для поўнага шчасця?

— У космас злётаць вельмі хачу. Каштуе гэтая задума 200 тысяч даляраў. Цэннік з гадамі падае. Чакаю, калі стане яшчэ танней.

— А што жонка пра гэта кажа?

— Як звычайна: «У цябе свае забавы. Займайся, чым хочаш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?