Дзяўчына села на шпагат між верхнімі поручнямі ў перапоўненым вагоне мінскага метро ФОТЫ
Фота з'явілася ў суполцы «Шукаю цябе. Мінск» у нядзелю, 11 верасня.

Фантастычная расцяжка дзяўчыны не магла пакінуць абыякавымі пасажыраў, на вачах якіх адбылося гімнастычнае шоу.
На фота па выразах твару бачна, што больш за ўсіх узрадаваліся хлопцы. Адзін паспеў закахацца і цяпер шукае «палкую прыгажуню». Яго пост у суполцы ўжо назбіраў амаль 1150 лайкаў, 29 перапостаў і 420 каментаў.
Карыстальнікі актыўна выказваюць ідэі, што б магло падштурхнуць дзяўчыну сесці на шпагат. Ці то яна палезла лавіць пакемона, ці то рыхтуецца да спаборніцтваў, ці то ёй проста бракавала месца ў вагоне.

«А калі б раптам цягнік прытармазіў, і яна б не ўтрымалася і звалілася? Там жа сядзяць людзі, — каментуе ўчынак дзяўчыны прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна Андрэй Кузьмін. — Што яна хацела гэтым паказаць? Сваю расцяжку? Ну можна ж выйсці на платформу, але ж не ў цягніку, які рухаецца. Ёсць жа нормы, правілы паводзінаў. Трэба думаць пра бяспеку пасажыраў. Хуткасць цягніка высокая, пры падыходзе да станцыі ён можа затармазіць досыць рэзка. Фізічную падрыхтоўку трэба дэманстраваць у іншым месцы, а не ў метрапалітэне».
Пакуль што гімнастку адшукаць не ўдалося.
Можа быць, вы яе ведаеце? Пішыце ў каментарах!
Каментары