На слуханні па справе моладзевага актывіста Артура Фінькевіча, якія аднавіліся сёння ў 10.30 у судзе Першамайскага раёна г. Мінска, не пусцілі большасць журналістаў. Ахова будынку спасылаецца на асабістае распараджэнне суддзі Вікторыі Зайцавай.

Як паведамілі прэс-службе БАЖ журналісты, якія прыйшлі на працэс, у будынак прапусцілі ўсяго некалькі чалавек, пасля чаго сказалі, што ў залі няма месцаў.

Сабраныя сталі патрабаваць, каб іх прапусцілі да адміністрацыі суда, аднак ахова заявіла, што начальства няма на працы. Каля 10.45 сабраныя збіраліся пакінуць запіс у кнізе скаргаў. Чалавек у цывільным здымаў усіх на відэастужку.

Нагадаем, што 4 сакавіка, калі ў слуханнях па справе А. Фінькевіча быў абвешчаны перапынак, двое журналістаў - Наталля Валакіда (прэс-служба АГП) і Таццяна Снітко («Наша ніва», «Прима-news») былі затрыманыя каля будынку суда людзьмі ў цывільным. Прыкладна паўгадзіны журналісткі правялі ў Першамайскім РУУС, пасля чаго іх адпусцілі.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0