У пятніцу ўвесь час было адчуванне, што зараз сюды прыйдзе Іван Кірчук ці Дэвід Гілмар ды нарэшце пачнуць той канцэрт, на які, уласна, і сабралася публіка. Бо бачыць столькі добрых людзей, якія падцягнуліся на маўклівую аўтограф-сесію беларускага пісьменніка ў вечар пятніцы дый пры такім надвор'і было вельмі незвычайна.

Першы асобнік «Возера Радасці» я падпісаў яшчэ ў метро — сустрэў знаёмага, з якім дзяўчына ішла на мерапрыемства. Мы вырашылі вызваліць ім вечар пятніцы, намаляваўшы мой подпіс «па-свойску», без чаргі. Калі мы развітваліся, да мяне проста тут, на «Акадэміі», наблізілася яшчэ адна чытачка-прыгажунька. «Гм, ну вось, ужо два чалавекі ёсць, — бадзёрынька сказаў унутраны аптыміст. — Ужо нядрэнна». Мы вырашылі і тут не даходзіць да крамы: да пачатку мерапрыемства заставалася 10 хвіль, мы скіравалі ў кавярню на рагу, каб не вымушаць дзяўчыну чакаць у чарзе.

Я механічна адзначыў вялікую талаку, што стаяла ўздоўж Сурганава на вуліцы, але на свой рахунак гэта не прыняў. У кавярні зноўку адбыўся прыкол, бо барыста адмовіўся браць грошы за амерыкана, сказаў, што збіраецца туды ж, у «Акадэмкнігу», па аўтограф. У выніку я атрымаў другі бясплатны кубачак амерыкана ў сваім жыцці ды пакінуў трэці аўтограф на беларускай кніжцы яшчэ да пачатку аўтограф-сесіі.

Што было далей, у краме, добра бачна па фотках. Скажу толькі, што падпісанне расцягнулася надалёк пасля закрыцця, было цёмна, рука балела, а чарга ўсё не сканчалася. «Вы пішаце асадкай? — здзівілася адна з тых, хто толькі што атрымаў імянны подпіс. — Вырабілі б факсіміле, як Святлана Алексіевіч»! Але я толькі пасміхнуўся: які сэнс у сустрэчы з чытачом, калі не можаш пакінуць нешта асабістае на памяць на той кніжачцы, што пойдзе па руках? Да таго ж падпісанне — чыстая магія, якое ж тут факсіміле?

Наступная адкрытая сустрэча, на якой я абяцаю адказаць на ўсе пытанні пра «Возера Радасці», адбудзецца па маім вяртанні са Швецыі, увечары 27-га верасня. Час і месца абвесцім дадаткова. Беларуская проза жыве і чытаецца! Ура вам у хату!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?