«Сучаснага чытача трэба моцна зацікавіць кнігай, каб ён узяўся яе чытаць. Таму свой сайт для нас — гэта сродак камунікацыі з чытачамі, магчымасць паўней прадставіць нашыя кнігі і аўтараў, распавесці пра культурніцкую дзейнасць»Галіяфаў», — кажа дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў. —

У інтэрнэт-кнігарні Halijafy.by вы знойдзеце як навінкі выдавецтва, так і рарытэты — тое, што было выдадзена за дзевяць гадоў існавання «Галіяфаў».

Неўзабаве, абяцае каманда «Галіяфаў», у інтэрнэт-кнігарні з’явіцца шэраг эксклюзіваў. Гэта беларуска-англійскі ілюстраваны слоўнік для дзетак «Наш дом», новы містычны дэтэктыў Валерыя Гапеева «Ноч цмока», другая кніга сёлетняга шорт-лістара прэміі «Дэбют» Кірыла Стаселькі, зборнік прозы Паліны Качатковай «Гняздо».

Таксама з'явіцца расейскі пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын», беларускамоўны наклад якога ў «Галіяфах» ужо разышоўся.

Рыхтуецца да друку «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала ў перакладзе Веры Бурлак

і з малюнкамі Кацярыны Дубовік, якая сёлета атрымала прэмію імя Цёткі за найлепшае мастацкае афармленне дзіцячай кнігі.

Каб зацікавіць чытачоў, выдавецтва пачне выкладаць на halijafy.by урыўкі з новых кніг. На наступным тыдні стане даступным фрагмент кнігі «Лісты круцяля» Клайва Стэйплза Льюіса, аўтара «Хронік Нарніі».

На галоўнай старонцы інтэрнэт-кнігарні можна падпісацца на рассылку і атрымліваць па электроннай пошце бясплатныя фрагменты «галіяфаўскіх» кніг.

На halijafy.by прадаюцца і кнігі дванаццаці іншых беларускіх выдавецтваў. Кожны дзень сайт папаўняецца новымі выданнямі.

Па аўторках на сайце «Дзіцячы дзень» — зніжкі на кнігі для дзетак. Кошты на дзіцячыя кнігі на halijafy.by пачынаюцца ад 3.30 рублёў.

Плюс для чытачоў - хуткая пакупка кніг без рэгістрацыі. Дастаткова пазначыць кантакты і выбраць адзін з трох спосабаў дастаўкі: бясплатную дастаўку па лініі метро ў Мінску; перасылку поштай па Беларусі; альбо самавываз з кнігарні «Галіяфы».

Кнігарня месціцца ў цэнтры Мінска па адрасе Няміга, 3, нулявы паверх, павільён 66 і працуе штодня.

Замову можна зрабіць праз сайт або па тэлефоне (29) 170-07-81.

Інтэрнэт-кнігарня, кажуць яе стваральнікі, будзе развіваць раздзелы з кнігамі па мастацтву і гуманітарных навуках, пашыраць выбар падарункаў, адкрые раздзел са слоўнікамі і мовазнаўчай літаратурай. У хуткім часе плануецца падключыць аплату банкаўскімі карткамі і праз сістэму «АРЫП».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?