Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава заявіла пра гатовасць выйсці з арганізацыі, бо там прынялі мандат дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, якая балатавалася ад партыі. Пра гэта Маёрава напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Я, Вольга Маёрава, паспрабавала зрабіць усё, каб прадухіліць тую ганьбу, якая лягла на Аб’яднаную грамадзянскую партыю і на мяне асабіста ў выніку згоды партыі прыняць мандат «дэпутата» «парламента» Ганны Канапацкай. Галоўнае пытанне — як можна адначасова прызнаваць выбары нелегітымнымі ва ўсёй краіне і рабіць выключэнне для асобна ўзятай акругі? Наконт простага выказвання салідарнасці з іншымі чальцамі партыі гаворка ўжо нават не ідзе», — піша Маёрава.

Са словаў Маёравай, яна задавала аднапартыйцам іншыя пытанні: як чалавек, вінаваты ў развале працы гарадской арганізацыі АГП, спадзяецца супрацьстаяць усяму праўладнаму парламенту, чаму факты фальсіфікацый на акрузе Канапацкай прызнаваліся ў каментарах, але ж пры гэтым партыя радуецца абранню сваёй кандыдаткі? Таксама Маёраву цікавіць як Ганна Канапацкая будзе прасоўваць ідэі партыі, калі на перадвыбарчым білбордзе яна не пазначыла ні сваю партыйнасць, ні спасылку на праграму «Мільён новых працоўных месцаў».

25 верасня АГП будзе падводзіць вынікі выбарчай кампаніі і Вольга Маёрава прадставіць свой пункт гледжання і будзе патрабаваць адказу на свае пытанні.

«Калі я не пачую пераканаўчых адказаў і не сустрэну разумення нашай пазіцыі сярод калег па партыі, то не буду ў далейшым лічыць для сябе магчымым быць сябрам партыі, якая прымае такія рашэнні», — заяўляе Вольга Маёрава.

Маёрава балатавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 107-й Усходняй акрузе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?