УУС Мінгарвыканкама абвергла інфармацыю аб арышце назіральніка кампаніі «Права выбару» Леаніда Кулакова на выбарчым участку, дзе ён назіраў за выбарамі.

Як вынікае з паведамлення, размешчанага на афіцыйным сайце ГУУС, 11 верасня ў 22.50 у скверы па вуліцы Карбышава Леанід Кулакоў і яшчэ двое грамадзян (мужчына і жанчына) былі затрыманыя супрацоўнікамі Першамайскага аддзела дэпартамента аховы за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы і дастаўленыя ў Першамайскае РУУС Мінска.

«У раённым УУС у дачыненні да затрыманых былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле часткі 1 артыкула 17.3 (распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення) і артыкула 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля гэтага мужчыны былі дастаўленыя ў спецыялізаваны ізалятар Першамайскага РУУС (медвыцвярэзнік), дзе і былі агледжаныя дзяжурным урачом — у абодвух аналізы паказалі ўтрыманне ў крыві прыблізна 1 праміле алкаголю».

12 верасня судом Першамайскага раёна правапарушальнікі былі прыцягнутыя да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, адзначаецца ў паведамленні.

Пра затрыманне Кулакова паведаміла 12 верасня прэс-служба кампаніі «Права выбару».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?