Пэўна, пачну рэканструкцыю памяці з дроў,
З маці, якая іх ранкам прыносіць у хату.
Вось ужо, чуеш: у печцы шалёна зароў
Вогненны звер і мацней пахне сушанай мятай.
Круцяцца побач заўсёды рудыя каты.
Я дамалёўваю з бульбай прарослаю кошык,
Водбліскі полымя, што гоняць цемру ў куты,
Потым дадам цішыні, гэткай простай раскошы.
Глянеш, нібыта ў якім запаволеным сне,
Як павучок апускаецца ціха са столі.
Дрэмлюць спакойна выявы святых на сцяне:
Мне падаецца, іх стала на некалькі болей.
Кнігі маленства, і вось яшчэ — бацькаў партрэт,
Ён — як жывы, найвышэйшага хлопец гатунку…
Мусіць, усё… аднавіў неіснуючы свет,
Ды не знайшоў больш сябе я на гэтым малюнку.