Ілюстрацыя tut.by

Вадзіцелі далёкага накіравання і жанчыны, якія аказваюць секс‑паслугі на трасах, «дэманструюць высокі ўзровень сексуальнай рызыкі паводзін».

Такія вынікі сацапытання, праведзенага сярод гэтых катэгорый грамадзян у межах праекта ПРААН «Прафілактыка ВІЧ/СНІД/ІППШ сярод жанчын, якія аказваюць сексуальныя паслугі на трасах», паведаміла БелаПАН кіраўнік праекта Алена Радзівонава.

Праект рэалізоўваўся грамадскім аб’яднаннем «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь і Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС). Яго галоўнай мэтай было павышэнне ўзроўню ведаў па бяспечных палавых паводзінах у жанчын, якія аказваюць сэксуальныя паслугі на трасах, і іх кліентаў з дапамогай арганізацыі і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў.

Падчас сацдаследавання былі апытаны 175 жанчын і 395 вадзіцеляў. Высветлілася, што большасці жанчын —— ад 16 да 30 гадоў, яны маюць, як правіла, сярэднюю ці сярэднюю спецыяльную адукацыю. Стаж заняткаў секс‑бізнесам вар’іруецца ад некалькіх месяцаў да 19 гадоў. Узрост пачатку прадастаўлення секс‑паслуг — ад 13 да 36 гадоў; 63% апытаных пачалі аказваць сэксуальныя паслугі ва ўзросце 17 гадоў і маладзейшым.

У 61,1% апытаных ёсць дзеці. Сямейнае становішча жанчын, якія маюць дзяцей, наступнае: замужам — 8,4%; знаходзяцца ў незарэгістраваным шлюбе — 21,5%; шлюб не скасаваны, але распаўся — 7,5%; не замужам — 36,2%; шлюб скасаваны — 25,7%; астатнія не адказалі. Сярод апытаных жанчын 4% былі цяжарныя, у 2,9% нядаўна нарадзілася дзіця.

У сексуальныя кантакты з жанчынамі на трасе ўступалі 62,8% апытаных вадзіцеляў. З іх больш за 70% заўсёды выкарыстоўваюць прэзерватывы.

«Астатнія 30% апытаных, якія ўказалі на тое, што прэзерватывы выкарыстоўваюць не заўсёды, сцвярджаюць, што маюць жонак і сужыцельніц. Гэта ўскладняе наступствы рызыкоўных паводзінаў мужчын і можа прывесці да заражэння ВІЧ і інфекцыямі, што перадаюцца палавым шляхам, іх пастаянных партнёрак», — зазначыла А.Радзівонава.

Паводле яе слоў, «наступствы такіх рызыкоўных паводзінаў больш цяжкія з‑за таго, што сярод жанчын, якія аказваюць секс‑паслугі на трасах, ёсць спажыўцы ін’екцыйных наркотыкаў, ВІЧ‑інфікаваныя, носьбіты гепатытаў В і С».

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на 1 чэрвеня 2008 года ў Беларусі зарэгістраваны 9.142 выпадкі ВІЧ‑інфекцыі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0