Першымі дзьве перамогі на Эўра – 2008 атрымалі партугальцы. Каманда Філіпе Скалары ў вясёлай і задорнай гульні перамагла чэхаў.

Ужо на 8-ай хвіліне Дэку скарыстаўся неразьбярыхай у штрафной чэскай каманды і адкрыў лік. Але ўжо на сямнаццатай хвіліне гульні найбольш актыўны чэх Лібар Сьёнка пасьля розыгрышу вуглавога аднавіў раўнавагу – 1:1.

У другім партугальцы атакавалі больш, але доўгі час не маглі забіць. Кураж злавіў расстроены першым узяцьцем ягоных варот Петэр Чэх. У такі момант вырашальным сталася індывідуальнае майстэрства.

На 63-яй хвіліне гульні адзін з найлепшых гульцоў сэзону Крыштыяну Раналду ўсё ж вывеў сваю каманду наперад – 2:1. Чэхі пабеглі адыгрывацца, нават выпусьцілі на поле вэтэрана Яна Колера, але не дапамагло. А на першай даданай арбітрам хвіліне Рыкарду Кварэшма зьняў усе пытаньні пра пераможцу – 3:1.

***

Позна ўвечары скончыўся яшчэ другі матч гульнявога дня ў групе "A". Сустракаліся зборныя Швайцарыі і Турцыі.

Швайцарцы першымі забілі гол – вызначыўся Хакан Якін, але ўтрымаць перамогу – а потым нічыю – ня здолелі. У турак вызначыліся Сэміх Шэнцюрк з "Фэнэрбахчэ", а пры канцы матчу -- Арда Туран. Гэты маладзён гуляе за "Галатасарай".

Такім чынам пасьля другога туру турнірнае становішча наступнае: Партугалія – 6, Чэхія і Турцыя – па 3, Швайцарыя – 0.

Партугалія заваявала пуцёўку ў чвэрцьфінал, прычым трапляе туды зь першага месца: г,зн. згуляе з другой камандай групы “В”.

Швайцарыя страціла ўсе шанцы на выхад у далейшы раўнд.

Другая пуцёўка ў чвэрцьфінал вызначыцца ў вочным паядынку Чэхія і Турцыя, што пройдзе ў нядзелю, 15 чэрвеня (пачатак а 21:45).

Пікантнасьць гэтага матчу ў тым, што каманды маюць ня толькі аднолькавую колькасьць балаў, але і рознасьць мячоў: 2:3. Таму згодна з рэглямэнтам у выпадку нічыі ў гэтым матчы, будуць прабівацца па сканчэньні асноўнага часу пэнальці!

***

У чацьвер другі тур пройдзе ў групе "B". А 19-й пачнецца матч Нямеччына - Харватыя, ў 21:45 на поле выйдуць няўдачнікі першага туру: палякі і аўстрыйцы. Нехта зь іх можа і стаць другім няўдачнікам турніру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?