Беларускі мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук Іван Лучыц-Федарэц памёр у Мінску 14 верасня, не дажыўшы месяц да 78 год. Час і месца пахавання будуць названыя пазней.

Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц нарадзіўся ў вёсцы Акрутнае Драгічынскага раёна ў 1938 годзе, пасля 1 класа пераехаў з сям’ёй у Драгічын. Пасля школы паступіў у Львоўскі ўніверсітэт імя Івана Франка на чэшскае аддзяленне. Спачатку працаваў у турыстычным агенцтве. За чэшскай авалодаў польскай, славацкай, сербскай і іншымі мовамі. Праз валоданне шматлікімі мовамі быў запрошаны ў Інстытут мовазнаўства пры беларускай Акадэміі навук, дзе працаваў да самай пенсіі. Стаў вядомым даследчыкам у Еўропе.

Асноўная ягоная праца — шматтомны Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, над якім ён працаваў разам з іншымі мовазнаўцамі, выданне яго вядзецца з 1978 года і працягваецца дагэтуль (на сёння выйшла 13 тамоў, апошні — да літары Т). Для складаньня такога слоўніка якраз спатрэбіліся веды шматлікіх, не толькі славянскіх моваў.

Акрамя таго, Іван Лучыц-Федарэц удзельнічаў ва ўкладанні перакладных слоўнікаў (у тым ліку беларуска-латышскага, латышска-беларускага слоўніка), пісаў разнастайныя артыкулы на этымалагічныя тэмы (у тым ліку пра родную, драгічынскую гаворку), быў суаўтарам шэрагу кніг (у тым ліку «Лексікі Палесся ў прасторы і часе»), браў удзел у стварэнні «Лексічнага атласа беларускіх гаворак».

Ад 1995 года быў адным з заснавальнікаў, актыўным удзельнікам і старшынём мінскага аддзялення Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства.

«Быў цудоўны чалавек, меў добрыя стасункі з людзьмі, з супрацоўнікамі, — кажа яго сябар, лінгвіст і гісторык Фёдар Клімчук. — Пасля таго, як ён адышоў, я паведамляў многім людзям пра гэта — многія плакалі».

«На такіх, як Іван Іванавіч, трымалася ўся навука — нягучна, спакойна, але грунтоўна», — заявіў з нагоды смерці Івана Лучыца-Федарца прафесар Аляксандр Дулічэнка з Тарту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?