У новай сэрыі праекту «Зваротны адлік» будзе расказана пра паваенную рэпатрыяцыю зь Нямеччыны, дзе пры канцы Другой сусьветнай апынулася каля 500 тыс. беларусаў.

Гэта й былі тыя, каго вывезьлі на прымусовыя працы, і былыя ваеннапалонныя савецкага і польскага войскаў, і тыя, хто выехаў у 1944 г. добраахвотна.

Паводле Ялцінскіх пагадненьняў, грамадзяне БССР (СССР) мусілі вяртацца на радзіму. Натуральна, што большасьць тых, каго вывезьлі на прымусовыя працы, вярталіся добраахвотна. Тыя, хто ўцякаў ад савецкай улады, мянялі прозьвішча і мянялі грамадзянства.

Пра гэта і новы фільм АНТ.

Дарэчы, папярэдняя сэрыя — «Уз’яднаньне 1939 г.» ужо ўдастоілася жорсткай рэцэнзіі ў «Белорусской ниве».

Ведамы публіцыст Ігар Дылеўскі «негодует», як гэта можна паказаваць, што ў 1939 г. з прыходам саветаў панізіўся ўзровень жыцьця ў Заходняй Беларусі, насельніцтва аднеслася да вызваліцеляў насьцярожана. А тое, што ў 1939 г., савецкія і нямецкія войскі зладзілі сумесны парад у Берасьці, Дылеўскі называе лухтой.

Аўтар злуецца ад сьцьверджаньня аўтараў фільму, што Народны сход у кастрычніку 1939 г., на якім было пастаноўлена аб далучэньні Заходняй Беларусі да БССР, нічога не вырашаў, а ўсё было вырашана на Палітбюро.

«Хочацца думаць, грыміць Дылеўскі, што стваральнікі фільма аступіліся і адступілі ад гістарычнай праўды. Ня выключана, што гэта свайго роду разьлік — спадабацца варшаўскім «качкам» і натаўскім «ястрабам». Надумалі кінуць цень на нас і расейцаў, але перакрэсьліць яркую старонку нашай гісторыі немагчыма».

АНТ. Чацьвер, 12 чэрвеня, 00:00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0