Канадзкія ўлады выбачыліся за тое, што прымушалі 150 тыс. дзяцей мясцовых індзейцаў вучыцца ў дзяржаўных хрысьціянскіх школах. Прэм’ер Стэфан Харпэр выбачыўся на паседжаньні парлямэнту ў Атаве ў прысутнасьці сотняў былых школьнікаў.

Школы, якія спансаваліся дзяржавай і кантраляваліся царквой, існавалі з канца ХІХ ст. і да 1990‑х гадоў. Іх таксама называлі «індзейскімі школамі». Праўда, некаторыя зь іх былі зачыненыя ў 1970‑х.


Карціна «Карцье і абарыгены»
Вядома мноства фактаў фізычнага і сэксуальнага гвалту, які цярпелі вучні. Многія зь іх згадваюць, як іх лупцавалі, калі яны размаўлялі на сваёй мове. Некаторыя надоўга гублялі сувязь са сваімі бацькамі.

Хрысьціянскія цэрквы Канады выбачыліся яшчэ ў 1980‑ыя гады.

Аўстралія, дзе ў дачыненьні да абарыгенаў праводзілася падобная палітыка, таксама прынесла прабачэньні ў пачатку гэтага году.

Паводле канадзкага прэм’ера, выбачыцца варта было даўно.

«Я стаю зараз перад вамі і прашу прабачэньня ў былых вучняў індзейскіх школ. Стаўленьне да дзяцей у гэтых школах — гэта прыкрая старонка ў нашай гісторыі».

Стэфан Харпэр сказаў, што папярэдняя сыстэма засноўвалася на ўпэўненасьці, што культура і язычніцкія рытуалы былі чымсьці ніжэйшым у дачыненьні да белай большасьці.

Да таго ж індзейцы лічыліся асноўнымі віноўнікамі распаўсюду эпідэмій, схільнасьці да алкаголю і наркотыкаў.

«Урад Канады шчыра перапрашае вас за зьневажальнае стаўленьне і за тое, што ўлады ня здолелі вас абараніць», ‑‑ дадаў Харпэр.

Асамблея першых нацый, якую прадстаўлялі старэйшыны індзейскіх плямёнаў, жыва адгукнулася і вітала такі крок з боку ўраду.

«Нарэшце мы пачулі, як Канада выбачылася», ‑‑ сказаў кіраўнік Асамблеі Філ Фантэйн.

Сам ён калісьці быў гвалтоўна апраўлены на вучобу ў індзейскую школe і адным зь першых публічна распавёў пра тое, што зь ім адбывалася падчас навучаньня.

Апроч выбачэньняў сем’і былых вучняў атрымаюць у якасьці кампэнсацыі за пакуты два мільярды канадзкіх даляраў, выплату якіх узялі на сябе ўрад і кіраўніцтва хрысьціянскай царквы.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0