Сёлета нямецкая амбасада ў Мінску разам з Інстытутам імя Гётэ правяла тры кулінарныя сустрэчы для беларускіх дзяцей і студэнтаў.

Мэта — падтрымаць цікавасць да нямецкай мовы і культуры.

Да ўдзелу ў праграме былі запрошаныя дзеці 4-5-х класаў, 8-9-х і студэнты.

Амбасадар Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар гаворыць са студэнтамі

Амбасадар Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар гаворыць са студэнтамі

Тут не было ніякіх падручнікаў, усё інтэрактыўна. Госці амбасады гатавалі разам з нямецкім кухарам стравы, паралельна размаўляючы з ёй і супрацоўнікамі пасольства. Кухар — вельмі энергічная і сучасная Сафія Хофман, прыляцела ў Мінск на тры дні адмыслова, каб пазаймацца з дзецьмі.

«Я люблю дзяцей, — сказала нам Сафія, — больш за тое, я не кухар у класічным разуменні — я не працую ў рэстаране, але пішу свае кулінарныя кнігі, вяду калонкі ў газетах, праводжу курсы. Словам, люблю пагаварыць не менш як гатаваць. Спадзяюся, ім са мною цікава».

Патрапіць на такія курсы не проста — удзел узялі па некалькі чалавек з мінскай, аршанскай і маладзечанскай школ, а таксама па адным чалавеку ад розных універсітэтаў.

Для студэнтаў гэта, можа, і не так цікава, а для школьнікаў патрапіць у амбасаду — што паляцець у космас, так яны самі казалі.

У перспектыве яны таксама плануюць атрымаць першую ці другую вышэйшую адукацыю ў Германіі — удзельнікам партнёрскіх праграм туды паступіць трохі прасцей, чым іншым.

Але пакуль канца школе не відаць, дзеці не адрываліся ад гатоўкі з няўрымслівай Сафіяй. Тая прапанавала ім зрабіць веганскія стравы: суп з печаным размарынам, веганскія бургеры і бульбу фры з самаробным маянэзам, а таксама яблычны пірог з яблычным мусам.

«Я сама веганка, так, — патлумачыла выбар кухар. — Але для мяне рэч не ў тым, каб абараніць жывёл ці штосьці такое. Я хачу паказаць альтэрнатыву, размаіціць ежу расліннымі прадуктамі. Я сама была на вашай Камароўцы, гэта прынцыпова, бо я думаю, што ў гатаванні трэба выкарыстоўваць мясцовыя і сезонныя прадукты».

Купленую на Камароўцы гародніну, як і сам кірмаш, немка ацаніла на выдатна.

«Дзякуй богу, ніхто яшчэ не парэзаўся», — рэзюмавала Сафія пасля 3-гадзіннага кулінарнага марафону.

Дзеці пайшлі дадому шчаслівыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?