Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Пітэрам Долманам будзе працаваць з 19 верасня па 1 кастрычніка.

Папярэдняя місія МВФ наведала Беларусь у канцы чэрвеня з мэтай ацаніць наяўную эканамічную палітыку ўладаў згодна з артыкулам IV статута фонду. Паводле вынікаў візіту Долман заявіў, што МВФ пазітыўна ацэньвае рэформы ў беларускай эканоміцы, але лічыць неабходным іх паглыбіць і паскорыць. Акрамя таго, адзначыў ён, МВФ разлічвае на публікацыю вынікаў незалежнай дыягностыкі беларускіх банкаў і рэкамендуе беларускім уладам правесці шырокую дыягностыку сектара дзяржпрадпрыемстваў. «Мы падзяляем мэту ўрада па стопрацэнтнай кампенсацыі выдаткаў на паслугі ЖКГ насельніцтвам да 2018 года», — заявіў таксама Долман.

Кіраўнік місіі абвясціў прагноз МВФ пра перспектывы беларускай эканомікі: «Мы чакаем, што рэцэсія ў Беларусі ў 2016—2017 гадах будзе захоўвацца». Згодна з ацэнкай фонду, ВУП краіны ў 2016 годзе знізіцца на 3%, у 2017-м — на 0,5%.

У сваю чаргу старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур у ліпені заяўляў, што бачанне структурных аспектаў павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі «ў цэлым супадае з пазіцыяй Міжнароднага валютнага фонду, выяўленай падчас апошняй (чэрвеньскай) місіі».

Беларускія ўлады разлічваюць на новую праграму супрацоўніцтва з фондам, запытваючы ў МВФ крэдыт на 3 млрд долараў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Як заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ў снежні 2015 года, «неабходна прыцягнуць як мага на больш камфортных умовах па тэрмінах і кошце рэсурсы МВФ». Аляксандр Лукашэнка ў адказ заявіў, што крэдыт МВФ — гэта «добры крэдыт, з добрым аб'ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам». «Ніхто нам, у тым ліку і расіяне, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна», — сказаў ён.

У 2009—2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у межах праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на 3,46 млрд долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?