Выканаўца абавязкаў рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) будзе прызначаны да 3 кастрычніка, калі ў ВНУ пачнецца новы навучальны год, паведаміў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Паводле яго слоў, на час адсутнасці выканаўцы абавязкаў рэктара права яго подпісу дэлегаванае прэзідэнту ўніверсітэта Анатолю Міхайлаву.

Нагадаем, былы рэктар ЕГУ Дэвід Полік, які займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года, завяршыў сваё знаходжанне на пасадзе ў канцы чэрвеня гэтага года.

Шукаць кандыдатаў на пасаду пастаяннага рэктара ЕГУ будзе шведскі офіс міжнароднага агенцтва па падборы персаналу, які наняло Шведскае агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA). Зараз SIDA ажыццяўляе нагляд за Траставым фондам ЕГУ. Мілта адзначыў, што пошук рэктара будзе максімальна адкрытым, аднак пра тэрміны казаць заўчасна.

У новым навучальным годзе заняткі ў ЕГУ пачнуцца для прыкладна тысячы студэнтаў, у тым ліку больш як 250 першакурснікаў, большасць якіх з'яўляюцца грамадзянамі ці пастаяннымі рэзідэнтамі Беларусі.

Навучальны год пачнецца ў старым корпусе ЕГУ, аднак у хуткім часе ўніверсітэт плануе пераехаць у комплекс Аўгусцінскага манастыра ў старой Вільні. Рэканструкцыя памяшканняў ужо завершаная, іх прыстасоўваюць пад патрэбы ЕГУ, сказаў Мілта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?