Знешняя і ўнутраная стабільнасць Беларусі могуць быць падарваныя, калі не будуць урэгуляваны наяўныя рознагалоссі з Расіяй па цэнах на энерганосьбіты. Такая выснова ўтрымліваецца ў апублікаваным 21 верасня дакладзе персаналу Міжнароднага валютнага фонду па эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.

У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца, што Беларусь схільная да знешніх і ўнутраных шокаў і ваганняў узроўню даверу, а гэта можа прывесці да крызісу пад уздзеяннем макрафінансавых узаемасувязяў.

«Паніжэнне (падвышэнне) цэн на энерганосьбіты можа знізіць (павысіць) тэмпы росту і ўзровень знешнеэканамічнай стабільнасці. Знешняя і ўнутраная стабільнасць могуць быць падарваныя, калі не будуць урэгуляваныя наяўныя на сённяшні дзень рознагалоссі з Расіяй адносна коштаў на энерганосьбіты», — падкрэсліваецца ў дакладзе персаналу МВФ.

Ацэньваючы патэнцыйныя рызыкі, эксперты фонду таксама робяць выснову, што ў выпадку новага істотнага зніжэння курсу нацыянальнай валюты адбудзецца паслабленне карпаратыўных і банкаўскіх балансаў і ўзроўню даверу хатніх гаспадарак, што абумоўлена высокай ступенню даларызацыі, неадпаведнасцю валютнай структуры, абмежаваным доступам да валютнай ліквіднасці і значнымі валавымі патрэбамі ў знешнім фінансаванні, якія складаюць прыкладна 18 млрд долараў ЗША (35% ВУП).

У цэлым, на думку экспертаў МВФ, кароткатэрміновыя макраэканамічныя перспектывы для Беларусі — працяг эканамічнага спаду і ўстойліва высокі ўзровень інфляцыі.

У межах базіснага сцэнара (з частковымі карэкціроўкамі), які быў прадстаўлены персаналам МВФ, тэмпы эканамічнага росту, як чакаецца, застануцца адмоўнымі і ў бягучым годзе (мінус 3%), і ў наступным (мінус 0,5%), а адносна сціплае аднаўленне эканамічнага росту пачнецца у 2018 годзе (плюс 0,5%). Пры гэтым працэс аднаўлення будзе са спазненнем ісці за аналагічным працэсам у Расіі, што тлумачыцца больш слабымі балансамі і структурнымі перашкодамі ў Беларусі.

Як чакае персанал МВФ, узровень інфляцыі ў Беларусі на канец снежня складзе 13% у гадавым выражэнні. Гэта амаль на 1 працэнтны пункт больш, чым у папярэднім годзе, што ў асноўным абумоўлена зніжэннем абменнага курсу і павышэннем тарыфаў на камунальныя паслугі. У рамках базіснага сцэнара мяркуецца, што інфляцыя на працягу наступных трох гадоў будзе заставацца ў дыяпазоне нізкіх двухзначных паказчыкаў. У рамках сцэнарыя карэкціроўкі мяркуецца, што больш эфектыўнае ажыццяўленне эканамічнай палітыкі дазволіць знізіць узровень інфляцыі прыкладна да 6% да 2020 года.

Нагадаем, газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расія з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракту. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ. Ён таксама падкрэсліў, што Расія не павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь, пакуль не будзе пагашаны доўг за газ.

20 верасня Аляксандр Лукашэнка назваў націскам з боку Расіі зніжэнне паставак нафты ў Беларусь з-за спрэчак па цане на газ, а таксама даручыў ураду аптымізаваць удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?