Я з'ехаў з Беларусі ў 2009-м. На той момант беларускамоўныя лічыліся бээнэфаўцамі, у Беларусі амаль не было прыстойных кавярняў і бараў, сярод беларускамоўных дзейнічала правіла аднаго поціску рукі: калі ты не ведаеш яго, то твой сябра дакладна ведае. Усе незалежныя імпрэзы, пачынаючы ад канцэрту РСП і заканчваючы Вольскім, у Горадні адбываліся на Будзённага, 48, а ў Менску — на Варвашэні, 8 (а часам нават у «Рэактары»).

З 2009 года я шмат разоў прыязджаў у РБ, але шматлікія міліцэйскія патрулі, нахабнае абслугоўванне ў крамах ды паўсюдны савок вельмі хутка надакучвалі, пачуцце настальгіі прападала.

Падчас апошняга прыезду ў Беларусь мяне здзівілі шматлікія пазітыўныя змены на Радзіме. І так, вось мой погляд на Беларусь, а менавіта на Менск, з дыстанцыі.

1. У публічнай прасторы стала шмат беларускай мовы. Раклама, шыльды крамаў па-беларуску, меню ў рэстарацыі на роднай мове — ужо не дзіва.

2. Вопратка з патрыятычнай сімволікай вельмі папулярная. Вышымайкі, цішоткі з «Пагоняй», сапраўдныя вышыванкі бачыў за дзень у Менску разоў 15. А галоўнае, на мінакоў у такой вопратцы не звяртаюць увагі іншыя, яна сталася натуральнай.

3. Раней беларускамоўны анклаў у Менску абмяжоўваўся сядзібай БНФ і галерэяй «Ў». Цяпер ёсць цэлая хіпстарская Кастрычніцкая вуліца, Верхні Горад, бар «Тры жаўнеры» і г.д.

4. У Менску стала шмат прыемных, утульных кавярняў з еўрапейскім духам. Добры сэрвіс і смачная ежа пад выдатнае піва — тое, што трэба!

5. На вуліцах паменела міліцэйскіх патрулёў.

6. Я трапіў на найвыдатнейшы фэст «Камяніца» — тыповы невялічкі еўрапейскі этнафестываль, на якім панаваў прыемны, вольны дух!

6. Мо самае галоўнае: агулам Менск стаў больш еўрапейскім горадам. Бачна, што людзі больш вольна пачуваюцца. Стрыманыя беларусы менш баяцца ўлады.

7. Ну а яшчэ на вуліцах шмат раварыстаў, у горадзе хапае анлайн-сэрвісаў, лаўкост-авіякампаній яшчэ няма, але лаўкост-бусы ўжо з'явіліся.

Карацей, агульнае ўражанне вельмі прыемнае. Шкада толькі, што пакуль усе гэтыя пазітыўныя змены тычацца толькі сталіцы. У іншых гарадах еўрапеізацыя адбываецца цяжэй. Ну й, канечне, вельмі непрыемна, што дагэтуль існуюць месцы канцэнтрацыі татальнага саўковага духу, такія як Ждановічы (але і там ёсць файны еўрапейскі блашыны рынак — «Поле цудаў»). Крызіс у Расеі прымушае беларускія ўлады павяртацца ў бок Еўропы, а разам з гэтым і да беларушчыны. І гэта неймаверна файна!

P.S. Без пастскрыптума ніяк. Ведаю, што ў Менску ў мяне былі ружовыя акуляры — шчыльнае атачэнне сяброў ані на хвіліну не давала засумаваць! Тым не менш, лічу, што нават у гэтым аптымістычным пасце ёсць кавалак цвярозай канстатацыі фактаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?