Упраўленне Следчага камітэта па Мінску расследуе крымінальную справу ў дачыненні да мінчука, які інсцэніраваў рабаванне кватэры бацькоў, паведамілі ва УСК.

«Следчыя Партызанскага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта высветлілі сапраўдныя абставіны крымінальнай справы пра двух невядомых, якія са слоў пацярпелага адкрыта выкралі грашовыя сродкі з кватэры яго бацькоў. Праца следчых, аператыўных супрацоўнікаў міліцыі і экспертаў на месцы здарэння, а таксама праведзены ў наступным комплекс следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў дазволілі атрымаць неабходныя доказы, якія выключаюць магчымасць рабавання кватэры», — адзначылі ва ўпраўленні Следчага камітэта.

На першапачатковым этапе заяўнік тлумачыў, што ў момант, калі ён адчыніў дзверы, на яго напалі двое мужчын. Ад удару па галаве ён страціў прытомнасць, а калі прыйшоў у сябе, выявіў, што бацькоўская кватэра абрабаваная.

Падчас папярэдняга расследавання быў атрыманы шэраг доказаў, якія паказваюць на тое, што высунутая маладым чалавекам версія не адпавядае рэчаіснасці. Далей, пры правядзенні ператрусу па месцы яго фактычнага жыхарства, былі знойдзеныя выкрадзеныя з кватэры бацькоў грошы. Высветлілася, што 22-гадовы хлопец вырашыў паправіць сваё матэрыяльнае становішча за кошт сваякоў. Забраўшы бацькоўскія грошы, ён спалохаўся магчымай адказнасці за зробленае і інсцэніраваў рабаванне. Раскідаў рэчы па пакоях, нанёс сабе некалькі цялесных пашкоджанняў, пасля чаго патэлефанаваў у 102.

У дачыненні да маладога чалавека распачатая крымінальная справа па ч.2 арт.400 (заведама ілжывы данос з карыслівых меркаванняў) КК РБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0