У 2016-2020 гадах перад дзяржавай стаіць задача забяспечыць захаванне здароўя беларусаў на працягу ўсяго жыцця. У Міністэрстве аховы здароўя распавялі, як збіраюцца вырашаць праблему высокай мужчынскі смяротнасці, атлусцення і прасоўваць ідэю здаровага ладу жыцця сярод беларусаў.

Першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч распавёў, што дэмаграфічная яма краіне не пагражае, бо за апошні год удалося павялічыць нараджальнасць і знізіць смяротнасць. Але паказчык смяротнасці мужчынскага насельніцтва ва ўзросце 15-60 гадоў па-ранейшаму высокі — у 3-4 разы вышэй, чым у краінах ЕС.

— Галоўнымі фактарамі з'яўляюцца курэнне і алкаголь. У гэтых згубных звычках мужчынскае насельніцтва лідзіруе, але мы хочам, каб курыць стала нямодным. Далей — смерць у выніку ДТЗ і вытворчыя траўмы (традыцыйна ў траўманебяспечных прафесіях задзейнічаныя мужчыны).

Ён звярнуў увагу, што праблема з'яўляецца стратэгічнай.

— На прафілактычныя акцыі ў Мінску, напрыклад, па замеры артэрыяльнага ціску са ста чалавек прыходзіць толькі 15 мужчын. Мы ж не можам быць хворымі, кульгавымі, баімся прызнацца сабе ў слабасці. Гэта закладзена на генетычным узроўні. Таму фактар адносінаў да ўласнага здароўя тут грае немалаважную ролю. Мужчын у паліклініку не загнаць. Не хапае кабінетаў мужчынскага здароўя. Парадаксальна, але даўжэй жывуць тыя мужчыны, у каго крызіс здароўя надыходзіць раней. Калі гром грымнуў, але жывы застаўся. Пачынаюць сачыць за здароўем, кідаюць паліць, сочаць за вагой, харчаваннем, — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?