Адсутнасць працы вымушае скараціць працоўны тыдзень у ААТ «Крычаўгрузаўта» да адной гадзіны.

Інфармацыю аб скарачэнні працоўнага тыдня пацвердзіў дырэктар аўтатранспартнага прадпрыемства, дэпутат Крычаўскага райсавета дэпутатаў Уладзімір Ільянкоў. Разам з тым ён адзначыў, што канчатковае рашэнне яшчэ не прынята і ўсё стане вядома 26 верасня.

Дырэктар адмовіўся каментаваць планы па паляпшэнні сітуацыі на «Крычаўгрузаўта». Паводле яго слоў, усё вырашаць акцыянеры.

Як паведаміў крычаўскі журналіст Мікалай Гердзій, аднагадзінны працоўны тыдзень на прадпрыемстве ўведзены афіцыйна загадам з 19 верасня. Паводле яго слоў, «Крычаўгрузаўта» будзе працаваць з 8 да 9 гадзін раніцы па панядзелках.

Ён таксама расказаў, што яму вядома пра планы па аб`яднанні ААТ «Крычаўгрузаўта», больш за 37% акцый якога належыць дзяржаве, з Крычаўскім філіялам «Аўтобусны парк № 3» ААТ «Магілёўаблаўтатранс».

Паводле дадзеных рэсурсу emitent.info, дзе размяшчаецца інфармацыя аб ААТ, колькасць працаўнікоў «Крычаўгрузаўта» ў першым квартале гэтага года складала 54 чалавекі, у 2006 годзе — 122. У 2015 годзе прадпрыемства спрацавала ў страту на 966 млн недэнамінаваных рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?