Іран мае надзвычай багатую гісторыю, якой можа пазайздросціць амаль кожная краіна свету (сучаснасць — ужо іншая справа). Але найвялікшыя часы славы і велічы, безумоўна, адносяцца да часоў Персідскай імперыі Ахеменідаў, калі магутная дзяржава пашыралася ад Грэцыі да Індыі, трыццаць народаў прыносілі свае ахвяраванні персідскім валадарам і жылі больш-менш мірна (як цяпер кажуць, мульцікультурна) пад іх кіраваннем.

Імперыя была разбураная войскамі Аляксандра Македонскага, прыгожыя гарады былі зруйнаваныя і засыпаныя пяском.

Тысячагоддзямі еўрапейцы вучылі ў падручніках гісторыі пра доблесных спартанцаў, якія ахвяравалі сваім жыццём пры Фермапілах, пра хітрых афінянаў, якія сабралі магутны флот і разбілі персаў пры Саламіне, пра македонцаў, якія падпарадкавалі сабе ўсю Айкумену сваімі мячамі пад правадырствам Вялікага Аляксандра. Гісторыю мы вучылі па расповедах грэкаў, ад персаў пачулі б, напэўна, іншую версію. Але голас іх сціх, цывілізацыя заняпала, і засталіся толькі рэшткі былых гарадоў, засыпаныя пяском.

Самы вядомы з іх — Персеполіс, калоны і рэшткі палацаў якога па-ранейшаму здзіўляюць сваёй гарманічнай прыгажосцю і праз 2500 гадоў пасля знішчэння горада.

Рэшткі палаца ў Персеполісе.

Рэшткі палаца ў Персеполісе.

Каб да яго дабрацца, трэба прыкласці досыць шмат намаганняў. Найперш трэба адолець 900 кіламетраў да горада Шыраз на поўдзень ад Тэгерана. Я пачаткова планаваў гэта зрабіць начным цягніком, але, на жаль, з-за рэлігійных святаў цягнік адмянілі і давялося ехаць аўтобусам (добра, што аўтобусы ў Іране, на дзіва, вельмі камфортныя).

Але і з Шыраза да руінаў у пустыні дабрацца не так лёгка — з-за адсутнасці грамадскага транспарту. Трэба замаўляць сабе турыстычны тур альбо наймаць таксі.

Праўда, ахвотных пракаціць цябе за 70 км да Персеполіса ў Шыразе хапае, таксісты самі спыняюцца і прапануюць адвезці туды, апазнаюць турыстаў хітрым натрэніраваным вокам.

Я наняў у гатэлі кіроўцу, які за 60 даляраў вазіў цэлы дзень па «імперскім» маршруце — Пасаргад—Некраполіс—Персеполіс. Дыстанцыі салідныя, і сапраўды, такая вандроўка займае час ад раніцы да вечара.

Лагістычна першым пунктам становіцца Пасаргад, але таксама і лагічна, бо гэта першая сталіца Персідскай дзяржавы, заснаваная Кірам Вялікім.

Грабніца Кіра ў Пасаргадзе.

Грабніца Кіра ў Пасаргадзе.

Безумоўна, прыцягвае да сябе найперш грабніца Кіра, якая захавалася амаль у першасным стане, у форме строгай і простай піраміды, з шасці ярусаў прамавугольных пліт і сціплай пахавальнай камерай наверсе. Лаканічна, але такая форма замацоўвае на тысячагоддзі і вытрымлівае ўсе ўдары лёсу.

Кір не толькі стварыў вялікую дзяржаву, якую актыўна пашыралі яго нашчадкі (і ўрэшце спляжылі), не толькі вызваліў габрэяў з вавілонскага палону, але і пабудаваў горад-парадыз, з садамі і фантанамі, якія так здзіўлялі сучаснікаў. У ваколіцах ад гэтага райскага горада, па якім упэўненым маршам прайшліся войскі Аляксандра Македонскага, засталіся толькі нязначныя рэшткі былых палацаў персідскіх валадароў.

Руіны палацаў у Пасаргадзе.

Руіны палацаў у Пасаргадзе.

Побач і загадкавыя руіны, мясцовымі празваныя Турмой Саламона, якія толькі па назве маюць дачыненне да біблійнага персанажа, але сапраўднае прызначэнне застаецца таямніцай (ці то сонечны гадзіннік, ці то храм вогнепаклоннікаў, ці то грабніца — прымаюцца і любыя альтэрнатыўныя версіі).

Турма Саламона

Турма Саламона

На ўзгорку крапасныя сцены, таксама з ганарлівай назвай — Трон Маці Саламона, іх мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі да часоў арабскіх заваёў. Урэшце ўсё паглынула пустыня.

Трон Маці Саламона.

Трон Маці Саламона.

Але агулам здзіўляе прадуманасць персідскіх валадароў, якія здолелі прадугледзець дэструктыўны ўплыў часу і асабліва актыўнасць зайздросных і сквапных людзей. Так, пра свой пасмяротны лёс і наступныя пасля Кіра імператары асабліва клапаціліся. Непадалёк ад Персеполіса высока ў скалах яны стварылі свой некропаль.

Некропаль персідскіх імператараў.

Некропаль персідскіх імператараў.

Магілы прыпісваюцца Дарыю І і ІІ, Ксерксу І і Артаксерксу І. Цікава, што грабніцы зробленыя ў форме крыжоў, і гэта яшчэ далёка да з’яўлення хрысціянства.

Грабніца Дарыя ў Некропалі.

Грабніца Дарыя ў Некропалі.

Агулам, дзіўна, чаму ў дзяржаве, дзе афіцыйнай рэлігіяй быў зараастрызм, валадароў хавалі зусім па іншых звычаях, а не пакідалі на сонцы і паветры жывёлам і птушкам, каб тыя хутчэй вызвалілі душу ад непатрэбных цялесных парэшткаў. Ахвотныя могуць паламаць над гэтым галаву.

Грабніца Артаксеркса ў Персеполісе.

Грабніца Артаксеркса ў Персеполісе.

Грабніцы ж уражваюць сваім размахам, пазнейшыя Артаксерксы зрабілі падобныя грабніцы ля Персеполіса, а за Сасанідамі (для якіх персідскія імператары ўжо былі напаўміфалагічнымі постацямі) пад грабніцамі былі выбітыя дадатковыя барэльефы з выявамі іх бітваў і перамог.

Далей шлях ляжыць да Персеполіса, славутай сталіцы Персідскай імперыі, збудаванай Дарыем і Ксерксам. Праўда, само прызначэнне горада застаецца спрэчным, адміністратыўныя справы вяліся ў іншых месцах, тут жа збіраліся найперш для ўрачыстых, рытуальных мэтаў. Вытанчаныя барэльефы сведчаць пра шматлікія дэлегацыі падначаленых народаў, якія сцягваліся ў Персеполіс са сваімі ахвяраваннямі на святкаванне персідскага Новага года (Наўруз). Знакамітая сцэна, дзе леў нападае на антылопу, якую можна сустрэць амаль паўсюль у гэтым горадзе, якраз і тлумачаць сімвалічным адлюстраваннем перахода Старога года ў Новы.

Таксама тут была пабудаваная і вялізная скарбніца, якая стала першасным аб’ектам увагі з боку войскаў Аляксандра Македонскага. Пасля таго, як «самы багаты горад пад сонцам» быў разрабаваны ўшчэнт, ён быў спалены — веліч лесвіц і палацаў, ясная прыгажосць барэльефаў і калон не спынілі раз’юшаных заваёўнікаў.

Паводле папулярнай версіі, ініцыятарам знішчэння Персеполіса стала знакамітая куртызанка Таіс Афінская, якая падчас адной п’янкі схапіла паходню і стала падпальваць будынкі з заклікамі помсты за знішчэнне Афінаў войскамі Ксеркса. Персеполіс знік, як знікла і Персідская імперыя. Руіны горада зачароўвалі наступных жыхароў Парса, яны звязвалі яго з міфічным царом Джамшыдам. У ХІХ стагоддзі адукаваныя еўрапейцы пачалі паломніцтвы ў Персеполіс, але толькі ў 1930-я гады пачаліся поўнамаштабныя археалагічныя даследаванні.

Дынастыя Пехлеві, якая не магла пахваліцца асаблівым арыстакратычным паходжаннем (заснавальнік яе — Рэза-шах — быў звычайным афіцэрам казацкага палка), у пошуках легітымнасці свайго кіравання звярнулася да прадаўняй арыйскай спадчыны Ахеменідаў. Персія была прымусова перайменаваная ў Іран (Арыяну), над галовамі шахаў зноў залунаў зараастрыйскі фаравахар (сімвал, які вылучаў славу валадароў імперыі), а Персеполіс стаў неабходным пацверджаннем гэтай гістарычнай пераемнасці.

Пасля Ісламскай рэвалюцыі кан’юнктура зноў змянілася. На шчасце, не дайшло да руйнавання «сатанінскай» спадчыны, чым адзначаюцца сучасныя ісламскія фундаменталісты. Але ў апошнія гады і для ісламскага Ірана веліч Персеполіса служыць важнай задачы — у якасці падмацавання ўнікальнасці іранскага народа і яго заслуг перад Алахам. Яўна не пра тое думалі Дарый і Ксеркс, калі будавалі свае палацы, што паслужаць місіі пашырэння ісламу.

Уваход у Персеполіс пачынаецца з Вялікай лесвіцы, каменныя блокі вядуць да ўнушальных Варот усіх народаў, збудаваных пры Ксерксе І.

Вароты ўсіх народаў.

Вароты ўсіх народаў.

Вялізныя быкі, выкананыя ў асірыйскім стылі, насуплена глядзяць на наведвальнікаў. На варотах пакінулі свае аўтографы знакамітыя еўрапейскія падарожнікі і навукоўцы, старанна і рупліва выбівалі яны сваё імёны, не было іх каму прыжучыць за пашкоджанне культурнай спадчыны. Толькі барэльефы палаца Ападана сведчаць пра былую раскошу, у якой купаліся персідскія імператары і іх прыдворныя.

Від на Вароты ўсіх народаў.

Від на Вароты ўсіх народаў.

Таксама барэльефы дэманструюць вайсковую моц Персідскай дзяржавы, дзе шэрагі персідскіх і мідыйскіх ваяроў скіроўваюцца на новыя заваёвы ў атачэнні баявых калясніц. Як вынік, дэлегацыі народаў, ад арабаў да індыйцаў, цягнуць бясконцыя дары.

На дзіва, барэльефы вельмі добра захаваліся, і іх можна доўга і плённа вывучаць. Ад каралеўскіх жа палацаў захаваліся пераважна рэшткі калон, таксама як і ад велічэзнай скарбніцы, так старанна спустошанай у свой час, што толькі зрэдку археолагі знаходзяць каштоўныя прадметы. Можна падняцца ўгору да грабніц Артаксерксаў, якія можа самі па сабе і не такія цікавыя, як Некраполіс, але адтуль адкрываецца прыгожы панарамны від на Персеполіс. Цяжка ўтрымацца, каб не ўціснуць і ўласны твар на фотаздымак з такім краявідам.

Від на Персеполіс.

Від на Персеполіс.

Але вечарэе, і трэба вяртацца назад у Шыраз. Дарэчы, горад і без такога пампезнага суседства адназначна варты зведвання, яго часта называюць культурнай сталіцай Ірана. Ён знаходзіцца ў зялёнай даліне сярод пустыні, раней нават цякла рэчка, але ўжо зусім перасохла. Раней раслі і вінаграднікі, гэта горад знакамітага шыразскага віна (дакладней, быў, пакуль Ісламская рэвалюцыя не зрабіла з усіх іранцаў старанных і сумленных адэптаў здаровага ладу жыцця) — і горад паэтаў.

Тут калісьці была рэчка.

Тут калісьці была рэчка.

Найперш ён слаўны тым, што тут жыў знакаміты паэт XIV стагоддзя Хафіз, які і да гэтага часу застаецца надзвычай папулярным у Іране. Вось гэта мяне здзіўляе, у сваіх газэлях ён апісваў радасці любові да хлопчыкаў (ці, у найлепшым варыянце, да маладых дзяўчатак, ёсць некаторыя цяжкасці пры перакладзе з фарсі пры вызначэнні мужчынскага і жаночага роду) ды зведвання корчмаў, дзе віно льецца да поўнай адключкі. Пры ўсіх літаратурных талентах гэтых вершаў для ўключэння іх у сучасную ісламскую культуру патрэбныя некаторыя працэдуры тлумачэння. Асноўная стратэгія інтэрпрэтацыі заключаецца ў тым, што Хафіз быў адэптам эзатэрычнага суфізму, то бок карчма — гэта алегорыя супольнасці дэрвішаў, якія ў экстатычных рытуалах набліжаюцца да спасціжэння Бога, а любоў да хлопчыкаў — гэта таксама неабходны іншасказ, каб апісаць містычнае збліжэнне з Алахам. Што ж, паверым.

Каб пераканацца ў любові іранцаў да Хафіза, варта проста зазірнуць да яго магілы, якая пераўтвораная ў сапраўдны мемарыял.

Я туды зазірнуў позна ўвечары, ужо пасля вяртання з Персеполіса, але сад быў напоўнены людзьмі. Некаторыя паломнікі з пашанай датыкаліся да магілы, большасць жа проста адпачывалі ў напоўненай светлай радасцю атмасферы, шмат дзяцей, шмат хто чытае вершы ці папросту вячэрае. Кажуць, што газэлі Хафіза можна выкарыстоўваць для прадказвання будучыні ля яго магілы, але такога не заўважаў.

Шыраз доўгі час быў і сталіцай Ірана, пакуль цалкам не саступіў гэты гонар Ісфахану. Напамінам пра гэтыя часы служыць крэпасць Карым-Хана, пабудаваная ў XVIII стагоддзі.

Крэпасць Карым-Хана.

Крэпасць Карым-Хана.

Масіўныя сцены вышынёю 12 метраў, упрыгожаныя арнаментальным узорам, аточаныя чатырма круглымі вежамі. Тут быў і шахскі двор, і турма, пазней палац губернатара. Унутры зроблены музей, але глядзець там няма на што, звычайны невялікі прамавугольны двор з цытрусавымі дрэвамі і басейнам. Насупраць крэпасці — васьмівугольны дэкараваны павільён, дзе Карым-Хан прымаў замежных паслоў. Унутры таксама зрабілі невялічкі музей, дзе можна знайсці меч Карым-Хана, шыкоўныя выданні Карана і да таго падобныя экспанаты.

На выхадзе прычапіўся нейкі мясцовы гід (як высветлілася, ён цягае па Іране сунітаў з Саудаўскай Аравіі), які пачаў зманліва распавядаць пра мясцовыя цікавосткі. Беларусаў тут ведаюць, якраз у гэтыя дні адбываліся спартовыя спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе, куды прыехалі і беларускія спартоўцы. Хоць можна было прадбачыць, што ўрэшце гэты круцелісты шыразец выб’е грошы за свае паслугі, але паддаўся на спакусу завітаць у Пятнічную мячэць. У маёй кніжцы было напісана, што яна амаль недаступная для зведвання, а тут такая магчымасць. Насамрэч, гэтую мячэць і назвалі Пятнічнай (афіцыйная назва іншая — Пакутнікаў), бо адкрытая яна толькі ў святочны для мусульман дзень, калі і адбываюцца службы. А была якраз пятніца, што можна лічыць цудоўным супадзеннем.

Пятнічная мячэць у Шыразе.

Пятнічная мячэць у Шыразе.

Сам будынак мячэці звонку не ўражвае, хоць быў пабудаваны яшчэ ў ХІІІ стагоддзі, але з тых часоў шмат перабудоўваўся. А вось інтэр’ер прыгожа дэкараваны зялёным шклом, якое пераліваецца ў сонечных прамянях. Для сунітаў адведзены асобны невялікі куток, зусім без усялякага дэкору, каб нішто іх не адцягвала ад камунікацыі з Алахам.

Цясніна Алах Акбар.

Цясніна Алах Акбар.

Раз ужо пайшла такая гулянка, гід зацягнуў яшчэ ў адно месца, куды я пачаткова і не планаваў зазірнуць, у цясніну, якую празвалі папросту «Алах Акбар», паколькі такія словы мусяць там прыходзіць у галаву прававерным, бо нагэтулькі шыкоўны від зверху адкрываецца на Шыраз.

Мяне ледзь не больш здзівіў невялікі вадаспад, што не чакаў сустрэць на засушлівым поўдні Ірана.

Адзін з нешматлікіх іранскіх вадаспадаў

Адзін з нешматлікіх іранскіх вадаспадаў

Зверху можна зірнуць і на масіўныя Вароты Карана, якія ў 1949 годзе замянілі старыя сярэднявечныя збудаванні, над варотамі ганарліва лунае іранскі сцяг.

Вароты Карана.

Вароты Карана.

Пасля гэтага я вярнуўся ў гатэль, трэба было павячэраць, і паколькі сілы яшчэ заставаліся, вырашыў завітаць яшчэ ў адно месца Шыраза, якое практычна кругласуткава адкрытае — свяцілішча Шах-е Чэраг (у гонар аднаго з братоў Імама Рэзы).

Свяцілішча Шах-е Чэраг.

Свяцілішча Шах-е Чэраг.

Гэта вельмі важная шыіцкая святыня, пішуць пра яе ў сеціве рознае, накшталт, немусульманам доступ да грабніцы закрыты. Як выявілася на практыцы, ля ўваходу месціцца плакат, што ўваход вольны для ўсіх, у тым ліку і для немусульман. Адзінае, калі ёсць жаданне сфатаграфаваць менавіта магілу святога, то трэба браць папярэдні дазвол. Больш за тое, уваход быў бясплатны, а такіх месцаў у Іране за мае вандроўкі патрапілася роўна два (яшчэ адно свяцілішча ў Ездзе), здзіраюць драконаўскую плату за ўваход дзе толькі магчыма. Гэта, насамрэч, грандыёзны комплекс з вялікім унутраным дваром, дзе позна ўвечары зноў жа гуляюць натоўпы іранцаў са сваімі сем’ямі.

Ніхто асабліва не саромеецца, каб зрабіць сэлфі ці размаўляць па мабільніку ў маўзалеі, нават у праваслаўных цэрквах я заўважаў значна больш суровыя парадкі.

У маўзалей вядуць прыгожыя драўляныя дзверы, зноў бліскучы інтэр’ер, дзе шмат люстраў і вітражоў. Хоць людзей у свяцілішчы вельмі шмат, але паводзяць сябе ўсе вельмі спакойна і добразычліва.

Наступным днём быў запланаваны аўтобусны пераезд далей на ўсход, але я вырашыў, што да 11-й гадзіны яшчэ ёсць крыху часу і гэта дае магчымасць дадаткова штосьці паглядзець у Шыразе, дзе пералік цікавостак агромністы.

Паблукаў па раёне базару, дзе па ўсіх апісаннях мусіла знаходзіцца старажытная мячэць, таксама пабудаваная Карым-Ханам, але ўсе мае мапы падвялі, не знайшоў.

Крыху знерваваўся ад такой нечаканасці і пайшоў у іншую мячэць, якая знаходзілася насупраць гатэля, таму знайсці яе было не так складана. Гэта знакамітая Ружовая мячэць (у вітражах пераважае менавіта гэты колер), якая лічыцца адной з найбольш элеганцкіх мячэцей Ірана.

Ружовая мячэць.

Ружовая мячэць.

Раніцою там прававерных мусульман не знайшлося, адны турысты, якія спрабавалі сфатаграфаваць інтэр’еры гэтага сапраўды прыгожага будынка з розных ракурсаў.

Часу крыху заставалася, і завітаў яшчэ ў Наранджастан, былы палац аднаго з мясцовых багацеяў, з утульным унутраным садам, дзе цэнтральны павільён упрыгожаны вытанчанай кафляй і каляровымі вітражамі, зноў жа, вельмі стылёва і фешэнэбельна.

Наранджастан.

Наранджастан.

Шыраз мне вельмі спадабаўся.

Па дарозе да аўтавакзала таксіст вельмі эмацыйна (хоць і без ведання англійскай мовы) тлумачыў, як яго дасталі гэтыя «барадатыя», што не дазваляюць піць віскі. Я яму шчыра спачуваў. А Шыраз пакідаў са шкадаваннем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?